Улады Пінску таксама патрабуюць зьняць прыватныя спадарожнікавыя тэлевізійныя антэны
Зняць прыватныя спадарожнікавыя тэлевізійныя антэны патрабуюць на гэты раз ад жыхароў Пінска (Брэсцкая вобласць). Абвесткі з адпаведным загадам на гэтым тыдні з’явіліся на пад’ездах жылых дамоў па ўсім горадзе.
Як паведаміў службе маніторынгу БАЖ намеснік начальніка Пінскага гарадскога вытворчага аб’яднання “Жыллёва-камунальная гаспадарка” Мікалай Базан, распараджэнне абвясціць жыхароў шматпавярховых дамоў аб неабходнасці зняць антэны атрымалі на планёрцы 28 мая ўсе начальнікі ЖЭУ Пінска.
“Прычына патрабавання вельмі простая: антэны псуюць фасады будынка і пакрыццё даху, у выніку затапляюцца вадой кватэры верхніх паверхаў”, – патлумачыў Мікалай Базан. Па яго словах, уладальнікі спадарожнікавых антэн павіны дэмантаваць іх самастойна, інакш рызыкуюць атрымаць штраф.
Жыхарка Пінска, сябра БАЖ Валянціна Наварыч прачытала, між іншым, ў абвестцы на пад’ездзе свайго дома, што неабходна зняць антэны з дахаў. Далей тлумачылася, таму што гэта небяспечна для даху.
– Але спадарожнікавая антэна, якая належыць мне, прымацаваная да цаглянай сцяны ў спецыяльнай нішы, яе нават не бачна з вуліцы. Дах антэна не закранае і, больш за тое, не псуе яго, – кажа Валянціна Наварыч.
– Я патэлефанавала начальніку ЖЭУ №1 Ніне Гардзеевай і патлумачыла гэта. Аднак мне адказалі, што патрабаванне абавязковае для ўсіх жыхароў дома. Маўляў, дыскутаваць – марнаваць час: “Выконвайце загад, інакш будзе складзены адміністрацыйны пратакол і заплаціце штраф”.
Намеснік старшыні Пінскага гарвыканкама, які курыруе ЖКГ, А. Сацута, адмовіўся адказаць на пытанні, спаслаўшыся на тэрміновы ад’езд, і параіў усё высвятляць у кіраўніцтва жыллёва-камунальнай гаспадаркі горада.
У аддзеле па ідэалогіі Пінскага гарвыканкама адказалі, што нічога не ведаюць пра патрабаванне ЖЭУ горада, але, калі яно ёсць, трэба выконваць.
Пакуль масавага зняцця антэн-“талерак” у Пінску не назіраецца.