viasna on patreon

Паліцыя Прагі: беларускі сьцяг забаронены

2014 2014-04-03T15:16:35+0300 2014-04-03T15:16:35+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/b-cz-b-scjah.jpg

Беларускі палітуцекач Аляксей Шыдлоўскі атрымаў адказ з паліцыі з нагоды інцыдэнту 28 лютага на хакейным матчы КХЛ паміж камандамі «Леў» (Прага) і «Дынама» (Менск), калі ахова спартовай арэны забараніла бел-чырвона-белы сьцяг і зьбіла заўзятара.

Беларускі палітуцекач Аляксей Шыдлоўскі атрымаў адказ з паліцыі з нагоды інцыдэнту 28 лютага на хакейным матчы КХЛ паміж камандамі «Леў» (Прага) і «Дынама» (Менск), калі ахова спартовай арэны забараніла бел-чырвона-белы сьцяг і зьбіла заўзятара.

Шыдлоўскі: Атрымаў ліст ад паліцыі Чэскай рэспублікі з вынікамі расьсьледаваньня наконт інцыдэнту на хакеі. Акрамя мяне былі дапытаныя хлопцы-ахоўнікі і кіраўнікі лядовай арэны. Выснова была, што я і мае сябры парушылі некалькі пунктаў правілаў ТIP Sport арэны — прынесьлі сьцяг, які як бы незарэгістраваны, дакладней было напісана: пранесьлі забаронены сьцяг. І ахова абсалютна слушна, па іх меркаваньні, гэты сьцяг у нас забірала. Такім чынам, паліцыя ня лічыць, што іх дзеяньні перавысілі закон. І паколькі ў мяне не было значных цялесных пашкоджаньняў, то ў завядзеньні крымінальнай справы было адмоўлена.

Соўсь: Як вы самі ацэньваеце такі вэрдыкт паліцыі?

Шыдлоўскі: Гэта вельмі дрэнны прэцэдэнт, таму што сюды і надалей будуць прыяжджаць беларускія сапртовыя клюбы, зборная Беларусі... Я ведаю, што шмат хлопцаў і дзяўчат зьбіраюцца прыходзіць на матчы зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, заўзець за беларусаў. І калі ўвесь час будуць зьбіваць за сьцяг, то нічога добрага ня будзе.

Соўсь: Ці будзеце апратэстоўваць гэтае рашэньне?

Шыдлоўскі: Юрыдычна няма магчымасьці. На будучыню паспрабуем пайсьці ў нейкія іншыя ўстановы, каб загадзя дамовіцца аб дазволе праносіць бел-чырвона-белыя сьцягі. А менавіта гэтае рашэньне з паліцыі апратэстоўваць ужо нельга.

Раней па выніках інцыдэнту на матчы 28 лютага Шыдлоўскі распавёў:

«Я зь сябрамі, беларусамі і ня толькі (быў хлопец з Нарвэгіі) пайшоў на хакейны матч Кантынэнтальнай Хакейнай Лігі „Дынама“ Менск і „Леў“ Прага. Вырашылі падтрымаць каманду бел-чырвона-белым сьцягам. Першы пэрыяд прайшоў без ускладненьняў, у другім пэрыядзе падышла ахова арэны і прапанавала сьцяг прыбраць, бо гэта не адпавядае нейкім нормам бясьпекі. Пасьля чаго я папрасіў іх патлумачыць, якім нормам. Паціснулі плячыма і сышлі. У трэцім пэрыядзе яны падышлі зноў і сказалі, што ў мяне ёсьць час прыбраць сьцяг(а ён быў накінуты мне на плечы) альбо сысьці з арэны, альбо яны выкарыстаюць сілу. Яны патлумачылі, што тут знаходзіцца нейкі чыноўнік зь Беларусі і прадстаўнік „Газпрому“, які зьяўляецца спонсарам КХЛ і клюба „Леў“. Да гэтага яны прыбралі два сьцягі ў фанацкім сэктары „Дынама“. Я адмовіўся гэта зрабіць катэгарычна. Тады яны ўзяўшы мяне за рукі і ногі пачалі спрабаваць вынесьці мяне, але я абхапіў крэсла, у іх не атрымалася гэта зрабіць і пасьля пяці хвілін штурханіны ім ўдалося сарваць зь мяне сьцяг і яны ўцяклі. Але пасьля гульні я пайшоў да іх разьбірацца. Яны сказалі, прабач, сябра, гэта такі загад, мы нічога ня можам зрабіць, вярнулі сьцяг і на гэтым канец гісторыі.»

Рада БНР рыхтуе з гэтай нагоды зварот да прэзыдэнта і ў дзяржаўныя ворганы Чэскай Рэспублікі.

Аляксей Шыдлоўскі быў адным зь першых рэпрэсаваных за бел-чырвона-белы сьцяг. У жніўні 1997 году ён быў арыштаваны і асуджаны на паўтара года пазбаўленьня волі. Прысуд вынес Менскі абласны суд, які прызнаў Аляксея Шыдлоўскага, разам зь іншым маладафронтаўцам, 16-гадовым менчуком Вадзімам Лабковічам, вінаватым у нанясеньні ў Стоўбцах палітычных графіці: на будынку райвыканкаму актывісты напісалі «Жыве Беларусь», «Пазьняк — наш прэзыдэнт», а таксама замянілі чырвона-зялёны сьцяг на бел-чырвона-белы і вывесілі ў горадзе каля дзясятка нацыянальных сьцягоў. Гэты ўчынак быў кваліфікаваны як хуліганства. У 2008 годзе Шыдлоўскі атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства