viasna on patreon

Гары Паганяйла: Куды глядзіць улада, калі прызначае на пасады карупцыянераў?

2014 2014-03-12T11:25:40+0300 2014-03-12T11:25:40+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pahaniajla1.jpg
Гары Паганяйла, старшыня юрыдычнай камісіі Беларускага Хельсінскага камітэта

Гары Паганяйла, старшыня юрыдычнай камісіі Беларускага Хельсінскага камітэта

Аляксандр Лукашэнка заклікаў чыноўнікаў і кіраўнікоў арганізацый зрабіць высновы з падзеяў ва Украіне і не дапускаць праяваў карупцыі. Пра тое, чаму ў Беларусі ўжо доўгія часы ўлады безвынікова змагаюцца з карупцыяй, наш карэспандэнт гутарыць з юрыстам і праваабаронцам Гары Паганяйлам.

Развал краіны, які адбыўся ва Украіне, у яго аснове ляжыць развал эканомікі і страшная карупцыя. Вось дзве прычыны, якія разбурылі дзяржаву», -- заявіў сёння Лукашэнка. І паабяцаў у бліжэйшы час апублікаваць новыя факты карупцыі сярод беларускіх службовых асобаў.

Гары Паганяйла: У нас улада, як гэта ні сумна гучыць, сама параджае карупцыю. І патлумачу, чаму я так лічу. Беларускія чыноўнікі пастаўлены на датацыі і па сутнасці трымаюць справаздачу толькі перад начальствам. Хоць у першую чаргу павінны трымаць адказ перад народам, СМІ і парламентам. Калі ж у людзей з’яўляюцца ўлада і магчымасць рэгулявання фінансаў (бюджэтныя грошы, маёмасць), то сюды дадаецца вялізная спакуса адарваць кавалак ад агульнага каравая. Усе гэтыя “вертыкальшчыкі”, дырэктары прадпрыемстваў, якіх саджаюць за краты з пастаянная рэгулярнасцю… Іх жа прызначаюць на самым версе.

РР: Днямі стала вядома, што затрыманы кіраўнік “Беллегпрама”. Чарговая гучная карупцыйная справа…

Гары Паганяйла: Так, але ж, здаецца, чалавека толькі два гады назад прызначылі на гэтую пасаду. Куды ж вы глядзелі? І самае страшнае, што такія факты сталі ўжо сістэмай усёй беларускай вертыкалі і гарызанталі карумпаванасці чыноўнікаў. Атрымліваецца, што самі законы не ўтрымліваюць дзейсных кантрольных механізмаў, якія б дапамагалі змагацца з карупцыяй. Гэтыя праблемы трэба абмяркоўваць публічна, ва ўсіх сродках масавай інфармацыі – дзяржаўных і незалежных. Калі кожны факт карупцыі будзе даследвацца самым дасканалым чынам з удзелам грамадства, толькі тады справа зварушыцца з мёртвай кропкі. Калі чыноўнік будзе ў людзей, як на далоні, ён тысячу разоў задумаецца, ці варта яму красці з чужой кішэні.

РР: А нейкія грамадскія структуры ці маглі б дапамагаць ажыццяўляць такі кантроль? 
 

Гары Паганяйла: Безумоўна, але дзяржава не зацікаўлена ў такіх структурах, бо яны могуць “глыбока капаць”. А гэта ўладзе не патрэбна. Ёй лепш знаходзіцца ў вечнай барацьбе з карупцыяй.

РР: Кожны тыдзень становіцца вядома пра новыя гучныя карупцыйныя факты, значыць - такая барацьба ўсё ж-такі дае нейкі плён?

Гары Паганяйла: Гэта не барацьба, а яшчэ адно пацвярджэнне таго, якая ў нас выпрацавалася карупцыйная сістэма ва ўладзе. У самых розных сферах. Заводзяць крымінальныя справы на “вертыкальшчыкаў”, супрацоўнікаў міліцыі, судоў… На тых, у чыю кампетэнцыю і ўваходзіць барацьба з карупцыяй. Але страшна нават не гэта, а тое, што толькі невялікі працэнт карупцыйных злачынстваў даходзіць да суда і становіцца вядомым грамадству. Многія ж, як кралі, так і крадуць да гэтага часу.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства