Прававых падстаў для дэмантажу спадарожнікавых антэн няма
Сталічныя ЖЭСы пачалі рассылаць кватэранаймальнікам папярэджаньні наконт дэмантажу антэн спутнікавага тэлебачаньня, пры адсутнасьці дакументаў на іх устаноўку, пагражаючы ў адваротным выпадку прымяніць штрафныя санкцыі ў адпаведнасьці з артыкулам 21.13 Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб адміністратыўных правапарушэннях.
Правамоцнасьць дзеяньняў беларускіх камунальнікаў ПЦ “Вясна” папрасіла пракаментаваць юрыста Валянціна Стэфановіча:
“Сапраўды, у новым адміністратыўным кодэксе існуе артыкул 21.13, які прадугледжвае адміністратыўную адказнасьць за самавольныя пераабсталяваньне, пераафарбоўку ці іншыя зьмяненьні балконаў, лоджыяў і іншых архітэктурных і канструктыўных элементаў фасадаў жылых дамоў, іншых будынкаў і пабудоў, устаноўка на фасадах, балконах, лоджыях, дахах спадарожнікавых і іншых антэн. Але адміністратыўная адказнасьць за такія дзеяньні наступае ў выпадку менавіта самавольнай устаноўкі спадарожнікавых антэн і ншых вышэйпералічаных дзеяньняў. Гэта азначае, што орган, які будзе разглядаць дадзеную адміністратыўную справу, а ў адпаведнасьці з Працэсуальна-выканаўчым кодэксам РБ аб адміністратыўных правапарушэньнях гэта адміністратыўныя камісіі пры выканкамах, або адміністрацыях раёнаў, павінны даказаць, што такая ўстаноўка была самавольнай, г.зн. без дазволу адпаведных органаў, якія надзелены такімі паўнамоцтвамі.
Але цікава, што калі пераабсталяваньне балконаў рэгулюецца адпаведным палажэньнем і калі гаспадар узгадніў свае дзеяньні, адказнасці ён не панясе. Што тычыцца спадарожнікавых антэн, тут нельга казаць, што яны устаноўлены самавольна, паколькі адсутнічае адпаведная працэдура, таму дакумент на іх устаноўку атрымаць немагчыма. У сувязі з гэтым адсутнічае факт самавольнасьці іх устаноўкі, а гэта значыць і адсутнічае склад адміністратыўнага правапарушэньня, бо няма самага галоўнага – віны. Таму ўсе спагнаньні і штрафы, якія могуць выносіцца адміністратыўнамі камісіямі за самавольную ўстаноўку, трэба абскарджваць у раённых судах напрацягу 10 дзён з моманту іх вынясеньня (у гэтым выпадку пастанова не ўступае ў законную сілу і штраф плаціць не трэба). А рашэньне раённых судоў можна ў сваю чаргу абскардзіць у касацыйным парадку ў Мінскім гарадскім судзе. У такім разе пастанова таксама не ўступае ў сілу да разгляду яе гэтым судом. Урэшце рэшт прававую ацэнку дзеньням ЖЭСаў мусіць даць суд у адпаведнасьці з існуючым заканадаўствам”