viasna on patreon

Апазыцыя пачынае кампанію супраць адмены льгот

2007 2007-05-18T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На ўчорашнім паседжаньні Палітрада аб’яднаных дэмсілаў вырашыла пачаць палітычную кампанію “Скажы Лукашэнку – Не!”. Кампанія накіраваная супраць адмены льгот і сацыяльных гарантяў для грамадзянаў. Падчас кампаніі плянуецца правесьці сэрыю пікетаў па ўсёй краіне.

Актывістка ПКБ Алена Скрыган паведаміла “Радыё Свабода”, што ў Менгарвыканам пададзеная заяўка аб правядзеньні пікету ў Міжнародны дзень абароны дзяцей. Такія ж акцыі пройдуць і ў абласных цэнтрах.

“Мы плянуем ў Менску і ў абласных цэнтрах правесьці пікеты супраць адмены сацыяльных гарантый, у першую чаргу для дзяцей,– гэта дзеці да трох гадоў, якім адмяняюцца бясплатныя лекі. Для студэнтаў і школьнікаў, якім плянуецца адмяніць ільготы на праезд у грамадзкім транспарце. І мы ў гэты дзень будзем пратэставаць супраць адмены льгот для інвалідаў і вэтэранаў”, -- паведаміла Скрыган.

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька патлумачыў мэты кампаніі:

“Праінфармаваць людзей ў першую чаргу. Трэба давесьці, што трэба наводзіць парадак з ільготамі, з многімі з іх, але мы павінны акцэнтаваць, што ўлада не пачаўшы рэформы ў краіне і пайшоўшы на татальную ліквідацыю сацыяльных гарантый, стварае надзвычай складаную сытуацыю для асобных людзей, асобных семя’ў і катэгорый насельніцтва. Гэта можа быць вельмі значнае пагаршэньне сацыяльнага становішча многіх грамадзянаў і мы павінны змагацца за іх правы. Гэта якраз і ёсьць мажлівасьць для кааліцыі праявіць сябе і паказаць, што яна здольная абараняць людзей”.

Паводле старшыні Палітрады дэмсілаў Аляксандра Мілінкевіча, палітычныя сілы мусяць выказаць сваю думку адносна скарачэньня сацыяльных праграмаў:

“Мы мусім заўсёды гаварыць пра тое, што баліць найперш людзям, а ня нам – на кангрэсах. Таму, я лічу, што гэта вельмі важна. Іншая справа ці ў гэтай нашай заангажаванасьці ў кангрэсе, ці мы здольныя сёньня нешта зрабіць. Можа, астынем пасьля кангрэсу і тады, магчыма, і будзе зроблена”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства