Учора Беларусь “праляцела” з абраньнем у Савет ААН па правах чалавека
Беларускія праваабаронцы вітаюць рашэньне Генасамблеі ААН
Як паведаміла Радыё Свабода, па выніках галасаваньня Генэральнай асамблеі ААН Беларусь ня трапіла ў склад Рады ААН у правох чалавека. Як успрынялі гэтае рашэньне беларускія дзеячы, зьвязаныя з праваабарончай дзейнасьцю?
Уладзімер Лабковіч, старшыня арганізацыйна-праўнай камісіі Партыі БНФ, кажа, што ён лічыць справядлівым, што такое абраньне не адбылося.
“Таму што Рэспубліка Беларусь не адпавядае нават мінімальным міжнародным стандартам у сфэры правоў чалавека. Беларусь не выконвае большасьць абавязацельстваў, якія яна ўзяла на сябе ў гэтай галіне. Тое, што сёньня а 17-й гадзіне было галасаваньне аб уключэньні ці неўключэньні Беларусі ў раду ААН ў правох чалавека, а ў гэты ж час у Савецкім райсудзе Менску адбываліся працэсы супраць арганізатараў “Чарнобыльскага шляху” Юрася Зянковіча і Валянціны Палевіковай, яшчэ раз пацьвярджае, што жаданьне беларускіх уладаў “пішчом” пралезьці ў гэтую Раду абсалютна не адпавядае здольнасьцям Беларусі ў галіне правоў чалавека”.
Былы адвакат Ігар Рынкевіч перакананы, што падзеі ў Генэральнай асамблеі ААН зьяўляюцца паказчыкам таго, што ў міжнароднай супольнасьці ёсьць сур’ёзная ўвага да стану правоў чалавека ў Беларусі.
“Гэта таксама сьведчаньне таго, што даклад Адрыяна Севярына і іншыя дакумэнты міжнародных структураў аб стане законнасьці і правох чалавека ў Рэспубліцы Беларусь дзейнічаюць, да іх ставяцца з павагай. І кампанія, якую апошнім часам разгарнулі міжнародна-прававыя структуры, праваабарончыя арганізацыі, каб не прымалі Рэспубліку Беларусь зь яе сёньняшнім кіраўніцтвам і зь яго палітыкай, гэта таксама паўплывала на рашэньне. Калі казаць асабіста ад сябе, то зазначу, што я таксама падаваў адпаведную паперу, у якой зазначыў, што цяперашні палітычны рэжым у краіне, цяперашнія органы ўлады яшчэ пакуль не гатовыя прадстаўляць нашу краіну ў такім вельмі важным органе ААН”.
Алег Гулак, намесьнік старшыні Беларускага хэльсінскага камітэту таксама перакананы, што Беларусь не адпавядае высокім стандартам ў пытаньнях правоў чалавека:
“Ня трэба мець ружовых акуляраў і ілюзій наконт таго, што сыстэма ААН ідэальная і дасканалая. Там шмат праблемаў, шмат хібаў. Гэтая рэальная палітычная арганізацыя.Тое, што ў гэтай структуры ёсьць такія краіны як Азэрбайджан, гэта ня значыць, што сёньняшняя недэмакратычная Беларусь таксама павінна быць там. Гэта было б несправядліва ў адносінах да людзей, якія церпяць ад рэжыму і да тых, хто робіць шмат, каб краіна была дэмакратычнай... Нашай краіне трэба шмат зрабіць у гэтым накірунку. Таму быў бы вельмі рады, каб на наступны тэрмін мы маглі б гаварыць пра тое, што нашае месца – у гэтай Радзе”.