Актывістку Насту Азарку вызвалілі
Супрацоўнікі міліцыі ў Нясьвіжы позна ўвечары 16 траўня затрымалі актывістку незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Насту Азарку.
У Дзень салідарнасьці зь сем’ямі зьніклых і палітзьняволенымі ў Нясьвіжы зьвіліся расьцяжкі й бел-чырвона-белыя сьцягі.
Міліцыянты знайшлі ў Насты расьцяжку “Свабоду палітвязьням!”, але пратаколу не складалі. Яе запрасілі сёньня на размову.
Наста паведаміла “Радыё Свабода”, што міліцыянты патрабавалі назваць прозьвішчы й адрасы актывістаў, зь якімі яна ладзіла акцыю. Пасьля таго, як Наста адмовілася, міліцыянты яшчэ нейкі час пагражалі дзяўчыне арыштам, але потым вызвалілі.
Наста Азарка зьяўляецца адной зь фігурантак у крымінальнай справе, якую распачаў КДБ супраць рэгіянальных актывістаў “Маладога фронту” за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі.