viasna on patreon

Баранавічы: скарга па справе Мілавідскага фэсту накіравана ў Вярхоўны суд

2014 2014-01-13T14:20:42+0300 2014-01-13T14:20:42+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/viktar-syryca-baranavichy.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Віктар Сырыца

Віктар Сырыца

Грамадскі актывіст Віктар Сырыца 13 студзеня падаў скаргу ў Вярхоўны суд на пастанову суддзі суда Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы Кацярыны Груда і пастанову суддзі Брэсцкага абласнога суда Наталлі Сурмы па справе Мілавідскага фэсту.

Нагадаем, што суддзя Кацярыны Груда 31 ліпеня 2013г. прызнала Віктара Сырыцу вінаватым у парушэнні ч. 2 арт. 23.34 КаАП і прыцягнула яго да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры 20 базавых велічынь за падрыхтоўку і арганізацыю несанкцыянаванага мітынгу ў Мілавідах 2 чэрвеня гэтага ж года. Суддзя Брэсцкага абласнога суда Наталля Сурма пакінула пастанову суда першай інстанцыі без змянення. Старшыня Брэсцкага абласнога суда Тамара Сучок таксама не задаволіла скаргу грамадскага актывіста, пададзеную ў парадку нагляду. Пасля гэтага Віктар Сырыца, каб дабіцца праўды і аб’ектыўнага разбіральніцтва, звярнуўся ў Вярхоўны суд.

У сваёй скарзе грамадскі актывіст адзначае, што лічыць вынесеныя пастановы незаконнымі па прычыне аднабокага і неаб’ектыўнага высвятлення акалічнасцяў адміністрацыйнага правапарушэння. Ён даводзіць, што ніякага несанкцыянаванага масавага мерапрыемства не было 2 чэрвеня ля Мілавідскіх помнікаў. А што ён зрабіў, дык гэта арганізаваў паездку людзей на афіцыйнае свята, анансаванае дзяржаўнай газетай “Наш край”.

Віктар Сырыца адзначае, што суды зусім не прымаюць да ўвагі і нідзе не згадваюць Акт ад 2 чэрвеня, падпісаны 9 грамадзянамі, а таксама пісьмовыя тлумачэнні Уладзіміра Гундара, Рыгора Макарэвіча, Вячаслава Болбата, Галіны Ярашэвіч, Сяргея Гоўшы, Анжалікі Камбалавай. Усе яны былі ўдзельнікамі вандроўкі на афіцыйнае свята ў Мілавіды 2 чэрвеня і жадалі даць паказанні ў судзе. Тое, што ў Мілавідах не было мітынгу, сведчыць і пісьмое даручэнне пракурора Баранавіцкаму РАУС, якое суд таксама праігнараваў. Пракурор абавязаў РАУС правесці дазнанне факта правядзення культурніцкага фэсту 2 чэрвеня ў вёсцы Русіно Баранавіцкага раёна. Замест аб’ектыўнага разгляду Русінаўскага мерапрыемства, РАУС склаў на Віктара Сырыцу 3 адміністрацыйныя пратаколы за арганізацыю і правядзенне несанкцыянаванага “мітынгу” у Мілавідах.

Віктар Сырыца просіць Вярхоўны Суд адмяніць пастанову суддзі суда Баранавічскага раёна і г. Баранавічы ад 31 ліпеня 2013г. і пастанову суддзі Брэсцкага абласнога суда ад 29 жніўня 2013 г., а справу аб адміністрацыйным правапарушэнні спыніць з-за адсутнасцю складу адміністратыўнага правапарушэння.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства