viasna on patreon

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Лістапад 2013 года

2013 2013-12-10T07:33:00+0300 2013-12-22T07:54:12+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/agliad08.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У лістападзе беларускія ўлады прадэманстравалі, што не намераны змякчаць сваю пазіцыю ў сферы выканання правоў чалавека ў краіне, найперш – змяняць стаўленне да праблемы палітычных зняволеных, у тым ліку сыходзячы са знешнепалітычнага фактару. Не апраўдалі сябе чаканні некаторых экспертаў, што напярэдадні саміту краін Усходняга партнёрства беларускія ўлады пойдуць на саступкі патрабаванням Еўрапейскага Саюзу, які нязменна артыкуляваў вызваленне палітвязняў як асноўную перадумову наладжвання супрацоўніцтва з беларускім бокам.

Афіцыйны Мінск у сваю чаргу прытрымліваўся пазіцыі праграматычных адносінаў і дэманстраваў адсутнасць жадання дыскусіі па каштоўнасных пытаннях. Так, напярэдадні саміту, 21 лістапада, міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей у інтэрвью польскаму выданню Gazeta Prawna адзначыў, што ўлады краіны разглядаюць супрацоўніцтва ў межах праекта ЕС Усходняе партнёрства ў асноўным з эканамічнага пункту гледжання. "У рамках гэтай ініцыятывы разгледжаны праекты, якія прынясуць адчувальныя выгады. Мы з нецярпеннем чакаем сумеснай працы па паляпшэнні дзелавога клімату", - заявіў Уладзімір Макей. Што датычыць палітзняволеных, У. Макей заявіў, што большасць асуджаных ужо на волі, частка выехала на Захад. «Я не маю права адказваць на пытанне, калі з турмаў выйдуць астатнія - гэта кампетэнцыя судоў, а не Міністэрства замежных спраў». Падачс самога саміту У. Макей спрабаваў займаць пазіцыю адмаўлення наяўнасці палітзняволеных у Беларусі. "У нас няма ніякіх палітвязняў, - заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, размаўляючы з журналістамі. -- Тыя зняволеныя, якія сядзяць у турме, пакараныя за канкрэтныя крымінальныя злачынствы. У іншых краінах яны атрымалі б, напэўна, і большыя тэрміны". І супярэчачы самому сабе, адказваючы на пытанне, ці гатовыя беларускія ўлады адпусціць палітвязняў у адказ на адмену санкцый, Макей заявіў: "З нагоды вызвалення палітвязняў - гэта пытанне не да Міністэрства замежных спраў, а да тых структур, якія прымалі адпаведнае рашэнне. У нас суды незалежныя, таму звяртайцеся да іх. Але я ўпэўнены, калі б гэтыя зняволеныя напісалі прашэнне аб памілаванні, то гэта прашэнне было б разгледжана і, магчыма, было б прынята станоўчае рашэнне ". Фактычна, ён пацвердзіў агучаную ўжо раней пазіцыю кіраўніка дзяржавы па палітвязнях: яны могуць быць вызвалены выключна пасля напісання прашэнняў аб памілаванні.

Пазіцыя ЕС заставалася нязменнай. Еўракамісар па пытаннях пашырэння і палітыкі добрасуседства Штэфан Фюле падчас саміту адзначыў, што перспектывы адносін Еўрасаюза і Беларусі вялікія, але яны залежаць толькі ад рашэння беларускіх уладаў у пытанні палітычных зняволеных: “Тут палітыка Еўрасаюза ясная з самага пачатку. Як толькі не будзе палітвязняў і пройдзе іх рэабілітацыя, Еўрасаюз гатовы пайсці не толькі на пабудову трывалай асновы двухбаковых адносін паміж ЕС і Беларуссю, але і казаць аб рэформе праграмы, падтрымцы мадэрнізацыі Беларусі ў рамках амбіцый беларускага народа”.

Міністр замежных спраў Швецыі Карл Більт у рамках саміту Усходняга партнёрства ў Вільні пацвердзіў: "Нашы патрабаванні застаюцца ранейшымі - вызваленне палітвязняў і крокі па дэмакратызацыі ". Па словах Більта, падчас саміту тэма палітвязняў у Беларусі "была згаданая некалькімі лідэрамі ў іх выступах", у той час як міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей у сваім выступе гэтую тэму не закранаў . "Але Макей ведае, што павінна быць зроблена. Думаю, што ў яго ёсць магчымасць паўплываць на рашэнне гэтых пытанняў".

 

У выніку адсутнасці пазітыўный дынамікі на высокім палітычным узроўні лёс беларускіх палітвязняў заставаўся нязменным, за кратамі працягвалі ўтрымлівацца 9 палітычных зняволеных: Алесь Бяляцкі, Мікалай Статкевіч, Мікалай Аўтуховіч, Эдуард Лобаў, Мікалай Дзядок, Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка, Ігар Аліневіч і Андрэй Гайдукоў. Замацоўвалася негатыўная тэндэнцыя прыцягнення былых палітвязняў да крымінальнай адказнасці па абвінавачанні ў парушэнні правіл прэвентыўнага нагляду. 12 лістапада Мінскі гарадскі суд пакінуў у сіле прысуд суда Першамайскага раёна аб арышце тэрмінам на тры месяцы Уладзіміра Яроменка па дадзеным абвінавачанні, прысуд уступіў у сілу, і з моманту ўзяцця пад варту актывіста яногае прозвішча папоўніць спіс палітвязняў. 28 лістапада крымінальная справа па тым жа абвінавчанні пачала разглядацца ў судзе Першамайскага раёна сталіцы ў адносінах да Васіля Парфянкова, які пасля амністыі ў 2011 годзе ўжо адбыў адзін тэрмін пакарання ў выглядзе 6 месяцаў арышту за парушэнне правіл прэвентыўнаяга нагляду. Прэвентыўны нагляд як сродак кантролю за грамадска-палітычнай дзейнасцю актывістаў дзейнічаў у адносінах яшчэ 3 былых палітвязняў: Паўла Вінаградава, Дзмітрыя Дашкевіча і Аляксандра Францкевіча. Прафілактычны нагляд у сувязі з непагашанай судзімасцю працягваўся яшчэ над 28 чалавекамі, якія раней былі асуджаныя па палітычных матывах.

 

Такім чынам, у лістападзе захоўвалася сітуацыя, калі Еўразвяз паслядоўна патрабаваў вызвалення палітвязняў для ўсталявання паўнавартасных стасункаў з афіцыйным Мінскам, а той у сваю чаргу не рабіў ніякіх крокаў насустрач і не дэманстраваў ніякіх пазітыўных намераў. Закладнікамі беларускіх уладаў у дадзенай тупіковай сітуацыі па-ранейшаму заставаліся палітычныя зняволеныя.

 

Палітычныя зняволеныя, крымінальны пераслед грамадскіх актывістаў

 

4 лістапада – роўна палова тэрміну, які адбыў за кратамі палітвязень, кіраўнік Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі, асуджаны на 4 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі. 9 лістапада Наталля Пінчук, жонка Алеся Бяляцкага, паведаміла, што зняволены праваабаронца, працуючы ўпакоўшчыкам на швейнай вытворчасці 6 дзён на тыдзень, зарабляе ўсяго каля 20 тысяч рублёў (2 даляры). 12 лістапада намеснік старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта Сяргей Барысюк у адказе на скаргу аб парушэннях з боку служовых асоб Ашмянскай мытні пры прызначэнні экспертызы сканфіскаванай кнігі Алеся Бяляцкага “Асьвечаныя Беларушчынай” і парушэннях з боку экспетнай камісіі паведаміў, што “улічваючы Вашую нязгоду з заключэннем экспертаў, а таксама адсутнасцю канкрэтных высноваў экспертаў па пытаннях, пастаўленых Ашмянскай мытняй у рашэнні аб прызначэнні мытнай экспертызы, ДМК Рэспублікі Беларусь даручыў Ашмянскай мытні, кіруючыся артыкулам 143 Мытнага кодэкса Мытнага саюза арганізаваць у як мага больш кароткія тэрміны правядзенне паўторнай мытнай экспертызы…”. Згодна з высновамі папярэдняй экспертызы, літаратуразнаўчая кніга Алеся Бяляцкага “можа нанесці ўрон іміджу Рэспублікі Беларусь”.

 

5 лістапада Марына Адамовіч, жонка палітвязня Мікалая Статкевіча, паведаміла, што адміністрацыя магілёўскай турмы №4 выкарыстоўвае супраць яго катаванні адсутнасцю сна): некалькі начэй запар кантралёр грукае ў дзверы і крычыць з рэгулярнасцю ў 10-15 хвілін, замінаючы начному сну. Гэта вымушае палітвязня адпачываць удзень, што караецца карцэрам. 6 лістапада Дзмітрый Дашкевіч падаў заяву ў Дэпартамент выканання пакаранняў па Магілёўскай вобласці з просьбаю правесці праверку ў турме №4 Магілёва і высветліць, чаму ад Мікалая Статкевіча не даходзяць лісты. Жонка Мікалая Статкевіча паведаміла яму, што атрымала ад мужа ліст за 21 кастрычніка, дзе той пераказвае вітанні Дз. Дашкевічу і піша, што даслаў яму тры лісты за апошні час. Дз.Дашкевіч атрымаў ад яго толькі адну паштоўку два месяцы таму. 9 лістапада Марына Адамовіч са спасылкай на словы мужа паведаміла, што начны грукат у дзверы спыніўся, і ён атрымаў медыцынскую бандэроль. 23 лістапад сябра М. Статкевіча па перапісцы Леанід Гаравы падаў скаргу на дзеянні супрацоўнікаў турмы №4 г. Магілёва наконт абмежавання права на ліставанне ва ўпраўленне дэпартамента выканання пакаранняў МУС па Магілёўскай вобласці. Падача скаргі была звязана з тым, што ў адказ на апошні ліст спадар Гаравы атрымаў ад Мікалая Статкевіча паведамленне, што гэты ягоны допіс не прайшоў цэнзуру. У атрыманай ад Статкевіча паштоўцы было напісана: “Атрымаў пусты канверт ад Вашага ліста з пазнакай цэнзуры. Значыць, Ваш ліст быў вельмі добры :). Дзякуй за падтрымку. Поспехаў і плёну ў Вашых справах!"

 

12 лістапада Мінскі гарадскі суд пакінуў у сіле прысуд суда Першамайскага раёна аб арышце тэрмінам на тры месяцы былога палітвязня, фігуранта крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня 2010 года Уладзіміра Яроменка за парушэнне правіл прэвентыўнага нагляду. Падчас пасяджэння касацыйнай інстанцыі У.Яроменак і яго адвакат сцвярджалі , што матэрыялы справы былі сабраныя незаконна, і сама крымінальная справа была ўзбуджаная незаконна. У прыватнасці, адвакат указала на тое, што пратаколы аб нібыта наяўных парушэннях прэвентыўнага нагляду складаліся са шматлікімі парушэннямі. Пасля ўступлення прысуду ў сілу Уладзімір Яроменак павінен чакаць выкліку з крымінальна-выканаўчай інспекцыі Першамайскага РУУС для адбыцця трохмесячнага арышту.

 

14 лістапада стала вядома, што пасля апублікавання артыкула палітвязня Мікалая Маўтуховіча “Письмо из ада” (кастрычнік, “Народная воля”) у краме Гродненскай турмы з’явіліся цыбуля і іншая гародніна, вязню выдалі пасцельныя прыналежнасці. М. Аўтуховіча таксама наведалі дактары, якія пацвердзілі наяўнасць праблем з зубамі, якія ўплваюць на перажоўванне ежы, і рэкамендавалі дэтальнае абследаванне стану здароўя. 16 лістапада маці М. Аўтуховіча – Лідзія Юльянаўна, прыехаўшы на спатканне з сынам, даведалася, што спатканне забаронена, прычына не была названа. Прадуктовая і рэчавая перадача вагой 30 кілаграмаў была прынята для палітвязня.

 

26 лістапада пасля доўгага перапынку палітвязень Яўген Васьковіч патэлефанаваў дадому. Размова з ягонай маці Рушаніяй Васьковіч цягнулася 20 хвілін, што значна болей, чым дазвалялася раней. Больш за два месяцы тэлефанаванняў увогуле не было з-за таго, што ў магілёўскай турме быў сапсаваны тэлефон-аўтамат. Палітвязень паведаміў, што ў камеры ўключылі цяпло.

 

28 лістапада – роўна 3 гады, як быў арыштаваны палітвязень Ігар Аліневіч, які адбывае 8-гадовае пакаранне ў калоніі №10 Наваполацку.

 

28 лістапада ў судзе Першамайскага раёна Мінска пачаўся судовы працэс над былым палітвязням Васілём Парфянковым па абвінавачанні ў парушэнні правіл прэвентыўнага нагляду (артыкул 421 Крымінальнага кодэксу). У суд В.Парфянкова прывезлі пад канвоем, паколькі ён знаходзіцца ў лячэбна-працоўным прафілакторыі (ЛПП) № 1 у Светлагорску (Гомельская вобласць), куды быў накіраваны 21 верасня. Разгляд справы быў перанесены суддзёй Леанідам Ярмоленкавым на 5 снежня ў сувязі з тым, што В. Парфянкову ва ўстаноўленым парадку не была ўручана пастанова аб прызначэнні судовага паседжання. Адпаведны дакумент былы палітвязень павінен быў атрымаць за пяць дзён да суда, аднак яму паведамілі пра дату пасяджэння толькі 27 лістапада. Бок абароны папрасіў суддзю перанесці разгляд справы, каб быў час на падрыхтоўку да ўдзелу ў судовым паседжанні.

 

30 лістапада пачаўся этап палітвязня Мікалая Дзядка з магілёўскай турмы ў рэспубліканскі турэмны шпіталь у Жодзіне, які доўжыўся 13 гадзін. Жонка палітвязня Валерыя Хоціна паведаміла, што 1 снежня М. Дзядок ужо быў размешчаны ў палату, яму былі пастаўленыя два дыягназы, звязаныя з хваробай страўніка, пачалі выдавацца лекі і рабіцца працэдуры. Усё гэта рабілася ў кайданках, бо ў характарыстыцы М. Дзядка напісана, што ён схільны да пабегу.

 

Смяротнае пакаранне

 

13 лістапада стала вядома, што Камітэт па правах чалавека ААН, разгледзеўшы індывідуальны зварот асуджанага да смяротнага пакарання і расстралянага ў сакавіку 2010 года Андрэя Жука, прызнаў парушэнне яго правоў з боку беларускай дзяржавы. Камітэт па правах чалавека задаволіў усе пункты, а менавіта: парушэнне ў дачыненні да Андрэя Жука арт. 6 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах - права на жыццё, арт. 7, які забараняе катаванні і бесчалавечнае абыходжанне, арт. 9 - права на свабоду і асабістую недатыкальнасць, арт. 14 - права на справядлівы суд і прэзумпцыя невінаватасці. Андрэй Жук быў асуджаны да выключнай меры пакарання ў ліпені 2009 года. Яго маці Святлана Жук накіравала ў Камітэт індывідуальны зварот з просьбай зарэгістраваць яго ў неадкладным парадку. Камітэт прыняў зварот да разгляду, і Рэспубліка Беларусь атрымала ноту Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека аб рэгістрацыі гэтага звароту. Працэдура КПЧ прадугледжвае патрабаванне не прыводзіць у выкананне смяротныя прысуды, пакуль справа знаходзіцца на разглядзе. Тым не менш, смяротны прысуд быў прыведзены ў выкананне ў сакавіку 2010 года - да завяршэння працэдуры разгляду скаргі Камітэтам. Справа Андрэя Жука – другая ў практыцы кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання”, разгледжаная Камітэтам па правах чалавека. Першай была справа Уладзіслава Кавалёва (расстраляны разам з Дзмітрыем Канавалавым у 2012 годзе). Разгляду ў ААН чакаюць яшчэ чатыры звароты – па справах Васіля Юзэпчука (расстраляны ў 2010 годзе), Андрэя Бурдыкі і Алега Грышкаўцова (расстраляныя ў 2011 годзе), а таксама Паўла Селюна, смяротны прысуд якому Вярхоўны суд пакінуў у сіле ў верасні гэтага года.

 

18 лістапада маці прыгаворанага да расстрэлу Паўла Селюна звярнулася да Аляксандра Лукашэнкі. Яна просіць прэзідэнта памілаваць яе сына: "Мой сын пакуль жывы. Хацелася б звярнуцца да Вас, Аляксандр Рыгоравіч, бо зараз толькі ад вас залежыць лёс майго сына. Тое, што здарылася, ужо здарылася, расстрэлам майго сына ахвяры ўваскрасіш". Маці просіць памілаваць яе сына і, па магчымасці, сустрэцца з ім асабіста, каб толькі пасля сустрэчы прымалася рашэнне: "Калі ласка, не спяшайцеся прыняць неабдуманае рашэнне. Цяпер лёс майго сына толькі ў вашых руках".

 

26 лістапада ў Гомельскім абласным судзе распачаты новы разгляд крымінальнай справы Аляксандра Грунова пра забойства з асаблівай жорсткасцю студэнткі Наталлі Емяльянчыкавай. Паўторны працэс вёў намеснік старшыні Гомельскага абласнога суда Анатоль Тозік. Вярхоўны Суд у кастрычніку скасаваў А.Грунову смяротнае пакаранне, пасля чаго выказаўся Аляксандар Лукашэнка: «Калі ты — нягоднік і падонак, і не першы раз учыняеш злачынства, забіваеш чалавека, дык якое права ты маеш жыць на гэтай зямлі? Я не крыважэрны, але адплата і пакаранне павінныя быць адпаведнымі. У іншым выпадку мы ніколі не навядзём парадак і ніколі не панізім гэтую тэмпэратуру ў грамадзтве. Цяжкія, асабліва цяжкія злачынствы: вінаваты — адказвай на ўсю катушку». У судзе А. Груноў адмовіўся даваць паказанні, віну ў жорсткім забойстве прызнаў часткова: так, забойства здзейсьніў, але не прызнаў, што ўчыніў гэта з хуліганскіх памкненняў. Маці забітай Ірына Емяльянчыкава падчас сваёй прамовы спаслалася на выказванне Аляксандра Лукашэнкі і прасіла прысудзіць забойцу смяротнае пакаранне. Працяг працэсу прызначаны на 8 снежня.

 

Прымяненне катаванняў і іншых відаў жорсткага і бесчалавечнага абыходжання

 

5 лістапада пракурор Светлагорскага раёна Уладзіміра Тарасенку адмяніў пастанову пра адмову ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў сувязі са смерцю ў ІЧУ Светлагорскага РАУС Аляксандра Акуліча. Пра гэта паведаміла маці памерлага Валянціна Акуліч. У шматлікіх скаргах у органы пракуратуры і следчага камітэту, у падрыхтоўцы якіх жанчыне дапамагаюць праваабаронцы ПЦ “Вясна”, увесь час ставіцца пытанне аб прыцягненні супрацоўнікаў Светлагорскага РАУС Бачкова А.А. і Сцешанкова Р.І. да крымінальнай адказнасці. Такое патрабаванне тлумачыцца тым, што гэтыя супрацоўнікі міліцыі – яны дзяжурылі па ізалятары часовага ўтрымання ў ноч 26 траўня 2012 года, калі там памёр Аляксандр Акуліч – не толькі несвоечасова выклікалі брыгаду “хуткай дапамогі”, але і збівалі затрыманага, які знаходзіўся ў хваравітым стане. У адказ на гэтыя скаргі Валянціна Акуліч неаднаразова атрымлівала адно і тое ж: “вынесена пастанова пра адмову ва ўзбуджэнні крымінальнай справы паводле падставаў п. 2 ч.1 арт. 29 КПК РБ”. Гэта пункт – “за адсутнасцю ў дзеяннях складу злачынства”. Пры гэтым супрацоўнікі следства, а ўслед за імі і судова-медыцынская камісія ўвесь час абыходзілі галоўнае пытанне - ці мелася прамая прычынна-выніковая сувязь паміж смерцю яе сына і несвоечасова аказанай медыцынскай дапамогай.

 

27 лістапада мінчанка Людміла Кучура, чый муж адбывае пакаранне ў ПК-15 г. Магілёва, распавяла Праваабарончаму цэнтру «Вясна» пра тое, што метады ціску, якія прымяняюцца да асуджанага, сур'ёзна пагражаюць яго здароўю. Псіхалагічны ціск на Пятра Кучуру распачаўся пасля публікацыі на сайце праваабарончай арганізацыі «Платформа» ў чэрвені гэтага года артыкула пра паборы ў магілёўскай ПК-15, з'яўленне якога адміністрацыя палічыла справай рук асуджанага і яго жонкі – актывісткі ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры. Адно за другім на Кучуру пасыпаліся спагнанні, пасля спагнанняў было ШЫЗА, а за ім - ПКТ. Абуральны факт, па якім Людміла Міхайлаўна патрабуе пакарання для адміністрацыі і персаналу ПК-15, меў месца ў штрафным ізалятары. Апынуўшыся ў камеры ШЫЗА 19 верасня, Пётр Кучура ўбачыў, што ў рукамыйніцу і ўнітаз засыпаная хлорка - прыкладна з вядро. Пра праблемы з каналізацыяй яму нічога не паведамілі. Як толькі ён уключыў ваду, раствораная ў вадзе хлорка дала рэакцыю. Ад моцнага раздражнення слізістых вачэй і роту, мужчына не мог ні глядзець, ні дыхаць, ён пачаў грукаць у дзверы. Кантралёр, які з'явіўся ў камеры,паведаміў, што сантэхніка пакуль прыслаць не могуць, усе сантэхнікі занятыя. Варта адзначыць, што ў такіх памяшканнях, як ШЫЗА, вентыляцыя практычна адсутнічае. Сантэхнікаў выклікалі толькі калі вязню стала дрэнна. Пасля ачысткі каналізацыі яму кінулі анучку памерам з насоўку, каб ёю ён прыбраў усё, што было разліта па камеры. Камеру ён вымыў, але дыхаць у ёй па-ранейшаму было немагчыма. У іншую камеру яго перавялі толькі калі яго самаадчуванне значна пагоршылася. Усё гэта падрабязна апісана ў скарзе на супрацьпраўныя дзеянні адміністрацыі і персаналу ПК-15, якую 5 лістапада накіравала начальніку ўпраўлення Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці. Яна прасіла правесці праверку для ўстанаўлення факту атручвання хлорам і наступстваў гэтага атручвання і распачаць крымінальную справу супраць асобаў, вінаватых у прычыненні шкоды здароўю яе мужа. Аднак начальнік упраўлення А.І. Ракусаў не стаў разбірацца і перанакіраваў скаргу ў Магілёўскае абласное ўпраўленне ДВП МУС. Пры гэтым ДВП МУС не ўпаўнаважаны разглядаць заявы і паведамленні пра злачынствы. Бо ў адпаведнасці з Крымінальна-працэсуальным кодэксам прыняцце рашэнняў па заявах або паведамленнях пра злачынствы, учыненыя службовымі асобамі органаў унутраных спраў у сувязі з іх службовай ці прафесійнай дзейнасцю, адносіцца да выключнай кампетэнцыі органаў папярэдняга следства ў адпаведнасці з іх падследнасцю. У сувязі з гэтым наступную падрыхтаваную скаргу Людміла Кучура, з дапамагой праваабаронцаў ПЦ “Вясна”, накіравала ўжо намесніку старшыні Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.

 

Пераслед праваабаронцаў і праваабарончыя арганізацыі

 

11 лістапада намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч паведаміў, што ў перапісцы з рознымі дзяржаўнымі ўстановамі так і не атрымаў адказу наконт таго, на падставе рашэння якога паўнамоцнага дзяржаўнага органа сайт spring96.org унесены ў спіс інтэрнэт-рэсурсаў абмежаванага доступу. Першы намеснік начальніка Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь У.А. Рабаволаў на зварот праваабаронцы адказаў, што “ААЦ не валодае інфармацыяй” і параіў “звяртацца ў адрас РУП “БелДІЭ” для разгляду па сутнасці пастаўленага пытання”. З Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства па наглядзе за электрасувяззю “Бел ДІЭ” В.Стэфановіч нічога ўцямнага таксама не атрымаў. Замест абяцанага ААЦ адказу па сутнасці РУП “БелДІЭ” адпісалася: “Нарматыўнымі прававымі актамі не рэгламентаваны паўнамоцтвы РУП “БелДІЭ” па распаўсюджванні інфармацыі аб ідэнтыфікатарах інтэрнэт-рэсурсаў, якія змяшчаюцца ў спісе абмежаванага доступу”. Наступным крокам начальнік “БелДІЭ” С.І. Багданаў прапаноўвае Валянціну Стэфановічу накіраваць звароты ва ўсе дзяржаўныя органы, якія згодна з адпаведным палажэннем маюць права прымаць рашэнні аб унясенні інтэрнэт-рэсурса ў спіс абмежаванага доступа, пасля чаго абскардзіць іх дзеянні ў судзе. Праваабаронца адзначыў, што расцэньвае такую прапанову як непрыхаваны здзек і далей будзе звяртацца ў Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, паколькі адказ, які ён атрымаў з дзяржаўнай інспекцыі па электрасувязі, па сутнасці не з’яўляецца адказам на пастаўленае ім пытанне. Спіс “забароненых” інтэрнэт-рэсурсаў з’явіўся згодна з пастановай ААЦ ад 29 чэрвеня 2010 года. Сярод іншых у яго трапіў сайт Праваабарончага цэнтра «Вясна» spring96.org. Паводле інфармацыі Уладзіміра Рабаволава, на люты бягучага года ў спіс было ўнесена 119 рэсурсаў, якія ў асноўным утрымліваюць матэрыялы парнаграфічнага і экстрэмісцкага характару ці парушаюць аўтарскія правы. Доступ да іх закрыты на абавязковай аснове ў дзяржаўных органах, установах адукацыі і культуры.

 

13 лістапада ў судзе Маскоўскага раёна Мінска пачаўся разгляд справы дырэктара прыватнай культурна-асветніцкай установы "Платформ інавейшн” Андрэя Бандарэнкі па абвінавачаннні ў парушэнні ч. 1 арт. 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (“арганізацыя і правядзенне несанкцыянаванага мерапрыемства”). Праваабаронца абвінавачваўся ва ўдзеле ў акцыі 14 верасня, калі 18 чалавек былі затрыманы каля СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску падчас спробы ўшанаваць памяць 21-гадовага арыштанта Ігара Пцічкіна, які памёр у гэтым следчым ізалятары пры загадкавых абставінах 4 жніўня 2013 года. Гэты малады чалавек быў збіты і памёр ўсяго праз некалькі дзён, праведзеных у зняволенні. Андрэй Бандарэнка заявіў хадайніцтва аб прадастаўленні адваката, якое было задаволена суддзёй Яўгенам Хаткевічам. Паседжанне было перанесенае на наступны дзень. 14 лістапада суддзя вярнуў пратакол адміністрацыйнага правапарушэння на дапрацоўку, паколькі ён быў складзены той самай асобай, якая затрымлівала А.Бандарэнку. Новы пратакол быў складзены супрацоўнікамі РУУС Маскоўскага раёна проста ў будынку суда, аднак Андрэй Бандарэнка адмовіўся яго падпісваць без адваката. Яму абвесцілі, што ён затрыманы на 72 гадзіны. Працоўны дзень у судзе скончыўся, весці справу пагадзілася ўжо іншая суддзя – Таццяна Мотыль. Сведкамі выступілі супрацоўнікі міліцыі Іван Казак, Куімаў і падпалкоўнік Лагуноў. Суддзя адхіліла просьбу адваката Бандарэнкі далучыць да справы фота- і відэаматэрыялы. У 21-50 суддзя прызнала праваабаронцу вінаватым і вынесла рашэнне аб пакаранні яго арыштам на 5 сутак. 19 лістапада Андрэй Бандарэнка выйшаў на волю па сканчэнні тэрміну арышту. Скаргу на пастанову суда Маскоўскага раёна Андрэй Бандарэнка накіраваў у Мінскі гарадскі суд яшчэ да вызвалення з ЦІП.

 

23 лістапада сябра Рады ПЦ “Вясна” Уладзіміра Лабковіча атрымаў з Мінскага гарадскога суда ліст аб прызначэнні разгляду ягонай касацыйнай скаргі на 19 лістапада. У сувязі са значным спазненнем апявяшчэння пра дату суда, ён не мог прысутнічаць на паседжанні, паколькі яно ўжо адбылося. Скарга была пададзена на пастанову суду Савецкага раёна Мінска ад 8 кастрычніка, згодна з якой праваабаронца быў пакараны штрафам у памеры 30 базавых велічынь за раздачу паштовак з нагоды другой гадавіны арышту старшыні ПЦ "Вясна" Алеся Бяляцкага. 6-га жніўня рашэннем суда Савецкага раёну праваабаронца быў прыцягнуты да адміністратыўнай адказнасці - за парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства і пакараны штрафам – 30 базавых велічынь. У выніку абскарджання ў Мінскім гарадскім судзе пастанова была адмена, а справа накіравана ў суд Савецкага раёна на перагляд да новага суддзі. 8 кастрычніка суддзя Эдуард Якубоўскі прыняў па сутнасці такое ж рашэнне і пакараў праваабаронцу штрафам у памеры 30 базавых велічынь. 29 лістапада стала вядома, што суддзя Мінскага гарадскога суда Аляксей Бычко падстаў для адмены судовага рашэння не ўгледзеў, пастанову суддзі суду Савецкага раёна Мінска ад 8 кастрычніка пакінуў без зменаў, а ягоную скаргу без задавальнення.

 

Адміністрацыйны пераслед грамадска-палітычных актывістаў, адвольныя затрыманні

 

3 лістапада жыхар Гомеля, актывіст апазіцыі Юрый Рубцоў быў затрыманы ў Мінску пасля акцыі “Дзяды”. Ён быў апрануты ў майку з надпісам “Лукашенко, уходи”, і яшчэ напачатку акцыі супрацоўнікі міліцыі папярэджвалі, каб актывіст зняў яе. Затрыманне адбылося ўжо пасля мітынгу ў Курапатах, у раёне дыспетчарскай станцыі “Карбышава” два міліцыянеры схапілі Ю.Рубцова і, заламіўшы рукі, запіхнулі ў мікрааўтобус. Затрыманы быў дастаўлены ў міліцэйскі пастарунак па вуліцы Карбышава. 4 лістапада суд Савецкага раёна Мінска пакараў Юрыя Рубцова трохсуткавым адміністрацыйным арыштам. Суддзя Дзмітрый Паўлючэнка, разгледзеўшы адміністратыўную справу, прызнаў актывіста вінаватым у “непадпарадкаванні” супрацоўнікам міліцыі (паводле артыкула 23.4 КаАП РБ). Сведкі-міліцыянты, якія затрымлівалі Ю. Рубцова, патлумачылі, што ён адмаўляўся на іх патрабаванне сесці ў машыну, гэта яны і расцанілі як “непадпарадкаванне”. 8 лістапада Юры Рубцоў накіраваў у Мінскі гарадскі суд скаргу аб незаконным адміністрацыйным арышце. Актывіст таксама патрабуе ад начальніка Маскоўскага РАУС сталіцы правесці службовае расследаванне па факце адвольнага адбірання "прадмета адзення, які мае надпісы палітычнага характару".

 

6 лістапада супрацоўнікі міліцыі затрымалі 9 чалавек, які прыйшлі сустракаць да ЦІП на Акрэсціна арыштаванага на 3 сутак пасля мітынгу ў Курапатах гамяльчаніна Юрыя Рубцова. Сярод затрыманых Кулакоў Леанід, Цітова Марына, Нікалайчык Вольга, Вінаградаў Павел, Аксана Сцяпанава, Рубцоў Юрый, Юля Сакалова, фрыланс-журналістка Настасся Рэзнікава і журналіст газеты “Новы час” Вячаслаў Пяшко. У РУУС Маскоўскага раёна ў іх перапісалі рэчы і асабістыя дадзеныя, пратрымалі каля трох гадзін і выпусцілі.

 

6 лістапада ў Мінску каля ГУМа падчас збору подпісаў за перайменаванне вуліцы Леніна на гістарычную Францысканскую быў затрыманы лідэр “Маладога Фронту” Дзмітрый Дашкевіч. Збор подпісаў праходзіў у рамках кампаніі дэкамунізацыі, якую абвесціў МФ, два паряэднія дні праходзілі без эксцэсаў. У гэты ж дзень суддзя суда Цэнтральнага раёна Валерый Есьман разгледзеў складзены на актывіста пратакол аб непадпарадкаванні законным патрабаванням міліцыі і прыняў рашэнне аб арышце тэрмінам 3 сутак.

 

6 лістапада актывіста “Маладога фронту” Рамана Пратасевіча затрымалі падчас суду над Дзмітрыем Дашкевічам і адвезлі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна, дзе ён правёў 2 дні да суда. 8 лістапада суд Цэнтральнага раёна Мінска прыняў рашэнне аб арышце Р. Пратасевіча на 2 сутак па абвінавачанні ў несанкцыянаваным пікетаванні і вызваліў з залы суда, паколькі гэты тэрмін актывіст адбыў.

 

7 лістапада ў Гомелі супрацоўнікі міліцыі затрымалі Юрыя Рубцова. Прыкладна каля 9-30 Ю.Рубцоў выйшаў на галоўную плошчу у майцы "За Беларусь без кантрактаў”. Яго адвялі ў міліцэйскі аўтобус, перапісалі асабістыя дадзеныя і прапанавалі пакінуць плошчу. Пасля гутаркі Юрый Рубцоў быў адпушчаны.

 

8 лістапада намеснік старшыні АГП Васіль Палякоў к 10 гадзінам быў выкліканы да начальніка аддзелу грамадскага парадку Новабеліцкага РАУС Гомеля падпалкоўніка Генадзя Хількевіча. На В. Палякова складзены пратакол аб парушэнні парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў (арт. 23.34 КаАП) за ўдзел у акцыі памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій, якая прайшла ў Гомелі 3 лістапада. В. Палякоў разам з іншымі актывістамі ўсклаў кветкі і вянкі, былі запалены знічы каля пакутных крыжоў, якія ўсталяваны на месцах масавых забойстваў людзей у гады сталінскіх рэпрэсій. 13 лістапада суддзя Сяргей Новікаў (Навабеліцкі суд Гомеля) вынес пастанову аб прыцягненні Васіля Палякова да адміністрацыйнай адказнасці. Палітыка прызналі вінаватым і пакаралі штрафам у памеры 35 базавых велічынь.

 

10 лістапада ў Мінску адбыліся жалобнае шэсце і мітынг у Лошыцкім Яры. У акцыі, якую арганізавала КХП-БНФ, удзельнічалі прыкладна 70 чалавек. Падчас мерапрыемства міліцыя затрымала жыхара Стаўбцоўскага раёна Леаніда Смаўжа, які прыйшоў на акцыю ў майцы «За Беларусь без дыктатуры». 11 лістапада ў судзе Ленінскага раёна сталіцы суддзя Надзея Навіцкая прызнала Л. Смаўжа вінаватым у непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі (арт.23.4 КаАП РБ) і пакарала 5 суткамі адміністрацыйнага арышту. Сваёй віны Леанід Корж не прызнаў, адзначыўшы, што такім чынам выказваў пратэст супраць несправядлівасці, паколькі некалькі год не можа працаўладкавацца.

 

10 лістапада ў 16-30 ў Полацку ў офісе грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду" супрацоўнікі міліцыі затрымалі 5 актывістаў "Полацкай кааліцыі дэмакратычных сіл": Бельскага Юрыя, Ясіновіча Антона, Пракапенка Анатоля, Крайко Алега, Вільскага Яўгена. У затрыманні дэмакратычных актывістаў удзельнічалі тры супрацоўнікі МУС у форме і некалькі прадстаўнікоў ЖКГ, яны ж выступілі і ў ролі панятых. Было заяўлена, што сход адбываецца ў непрацоўны час і гэта, маўляў, замінае жыхарам. Усе затрыманыя былі дастаўлены ў Полацкі РАУС. Праз 2 гадзіны, пасля ўзяцця тлумачэнняў затрыманыя былі адпушчаныя.

 

11 лістапада на плошчы Леніна ў Гомелі быў затрыманы каардынатар грамадзянскай кампаніі «Хопіць піць — трэба жыць» Дзмітрый Карашкоў, які выйшаў з антыалкагольным пікетам: перад вокнамі аблвыканкама актывіст разгарнуў вялізны надпіс «Спыніце продаж алкаголю каля школ». У Цэнтральным РАУС Гомеля міліцыя склала на яго пратакол па артыкуле 23.34 КаАП (парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства). Маладога чалавека пасля апытання, складання пратаколу і канфіскацыі расцяжкі адпусцілі дахаты, папярэдзіўшы, што хутка адбудзецца суд.

 

12 лістапада на чыгуначным вакзале сталіцы быў затрыманы гродзенскі актывіст Вадзім Цярлецкі. Юнак прыехаў з Гродна ў Мінск, каб вырашыць грамадскія справы,звязаныя з палітвязнем Мікалаем Аўтуховічам, і ў той жа дзень планаваў вярнуцца назад. На В.Цярлецкага былі складзены 2 адміністрацыйныя пратаколы: арт 17.1 КаАП (дробнае хуліганства) і 23.4 КаАП (непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі). Ноч да суда ён правёў у ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна. 13 лістапада Вадзім Цярлецкі быў дастаўлены ў суд Кастрычніцкага раёна. Суддзя Максім Лапко, які разглядаў справу, дапусціў у залу толькі адваката, тым самым фармальна зрабіўшы паседжанне закрытым. В.Цярлецкі быў прызнаны вінаватым у дробным хуліганстве і пакараны арыштам на 3 сутак, абвінавачанне ў непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі суддзя адхіліў.

 

13 лістапада ўвечары маці памерлага ў СІЗА №1 Мінска Ігара Пцічкіна -- Жана Пцічкіна была дастаўлена ў суд Маскоўскага раёна Мінска. Яна была затрымана дома супрацоўнікам міліцыі і невядомымі ў цывільным і абвінавачана ва ўхіленні ад яўкі ў суд па адміністрацыйнай справе аб пікеце 14 верасня (у той дзень сваякі Ігара Пцічкіна і іншыя грамадзяне, якія не вераць у афіцыйную версію яго смерці, хацелі ўшанаваць памяць памерлага ўскладаннем кветак да сценаў СІЗА, тады было затрымана 18 чалавек). Разам з Жанай Пцічкінай па такім жа абвінавачанні судзілі праваабаронцу Андрэя Бандарэнку. Жанна Пцічкіна і Андрэй Бандарэнка заявілі хадайніцтва аб удзеле ў працэсах адваката, суддзя Яўген Хаткевіч яго задаволіў і перанёс судовыя разгляды на наступны дзень. 14 лістапада суддзя прызнаў Ж. Пцічкіну вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і вынес ёй пакаранне ў выглядзе папярэджання. Андрэй Бандарэнка пакараны адміністрацыйным арыштам тэрмінам 5 сутак, пастанову вынесла суддзя Таццяна Мотыль. У гэты ж дзень суд Маскоўскага раёна вынес рашэнне пакараць 5-сутачным арыштам яшчэ аднаго ўдзельніка акцыі памяці – Аляксандра Данілава.

 

16 лістапада ўвечары на тэрыторыі Савецкага раёна Гомеля супрацоўнікі міліцыі затрымалі сустаршыню «Маладога Фронту» Андрэя Цянюту і яго таварыша Станіслава Булу падчас расклейвання ўлётак антыалкагольнай тэматыкі. Затрыманыя былі дастаўлены ў РАУС, дзе яны прабылі прыблізна паўтары гадзіны. А. Цянюта тлумачэнні даваць адмовіўся, у Станіслава Булы тлумачэнні ўзяла. Ён напісаў, што ўлёткі расклейваліся на інфармацыйных стэндах -- у дазволеным месцы. Ва ўлётках утрымліваўся заклік да ўладаў не прадаваць спіртное ў непасрэднай блізкасці ад навучальных устаноў. 27 лістапада А.Цянюта па пошце атрымаў ліст – копію пратаколу аб адміністрацыйным правапарушэнні.

 

23 лістапада ўвечары супрацоўнікі міліцыі ўварваліся ў Дом культуры вёскі Казловічы, дзе планаваўся паказ фільма пра Слуцкі збройны чын. Супрацоўнік міліцыі Дзьмітры Шклярэўскі патлумачыў, што ў арганізатара імпрэзы Зінаіды Цімошак «няма санкцыі на сустрэчу». Міліцыянеры больш за дзве гадзіны праводзілі допыты прысутных, разбіўшыся на „тройкі“ у 4-5 памяшканнях дома культуры. Адны з іх стаялі пры дзвярах залы, каб суправаджаць на допыты і не даць нікому збегчы. Супрацоўнікі МУС высвятлялі ў прысутных, ці ёсць у гэтай сустрэчы палітычны аспэкт. На імпрэзу была запрошана гісторык з Мінска Ніна Стужынская, якая планавала паказаць фільмі «40 дзён сялянскай рэспублілі». Н.Стужынская спрычынілася да стварэння гэтага фільма, які ўжо быў паказаны ў эфіры АНТ. На З.Цімошак быў складзены пратакол па арт. 23.34 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў). Яе папярэдзілі, што справа будзе перададзена ў суд.

 

Абмежаванні свабоды слова і права на распаўсюд інфармацыі, пераслед журналістаў

 

31 кастрычніка адміністратар друкарскага цэнтра “Карандаш” Алена Рыбак адмовілася прыняць заказ на друк карты Усходніх могілак Мінска ў прадстаўнікоў Беларускай службы Радыё “Свабода”, журналісты якой афіцыйна працуюць у Рэспубліцы Беларусь. Яна спаслалася на службовую інструкцыю, паводле якой “ДатаПрынт” не займаецца друкам матэрыялаў парнаграфічнай, экстрэмісцкай, нацысцкай, антыдзяржаўнай скіраванасці, а таксама агітацыйных матэрыялаў, якія ўтрымліваюць прыкметы перадвыбарчай агітацыі, агітацыі па пытаннях рэферэндуму і тых, якія могуць быць ужытыя падчас правядзення грамадска-палітычных акцый і кампаній. 5 лістапада ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” накіравала ў прыватнае прадпрыемства “ДатаПрынт” афіцыйны запыт адносна адмовы паліграфічнай фірмы надрукаваць карту Усходніх могілак на замову Радыё “Свабода”. Да ліста арганізацыя прыклала паштоўку “Журналісты – не экстрэмісты”, выпушчаную Еўрапейскай федэрацыяй журналістаў у межах кампаніі “Станем за журналістыку”. Асобная паштоўка пайшла персанальна Алене Рыбак у павільён №2.

 

5 лістапада телеканал “Белсат ТВ” атрымаў позву на 11 лістапада ў Вярхоўны суд. Уладальнік таварнага знаку «Белсат» -- кампаніі, якая займаецца продажам абсталявання для прыёму спадарожнікавага і кабельнага тэлебачання і прадае радыётэхнічнае абсталяванне, Андрэй Белякоў сцвярджае, што тэлебачанне «Белсат» незаконна выкарыстоўвае свой таварны знак. Кампанія паўстала яна ў 2003 годзе пад кіраўніцтвам Сяргея Лысянкова і тады называлася «Хайтэх-маркет». У траўні 2006 года ўжо было вядома пра тое, што паўстае телеканал пад назвай «Белсат ТВ». Праз месяц уласнік кампаніі «Хайтэх-маркет» Сяргей Лысянкоў аддаў таварны знак Андрэю Белякову, які змяняе назву на Унітарнае прадпрыемства «БЕЛСАТплюс», а ў 2011 годзе ў спецыфікацыі фірмы з’яўляецца слова ТВ, праўда, выключна кабельнае. Телеканал “Белсат” зарэгістраваны ў Польшчы, таксама, як і дамен сайту. Даменнае імя не зарэгістраванае ў Беларусі і не адмініструецца з тэрыторыі Беларусі, таксама і тэлебачанне не транслюецца з тэрыторыі Беларусі. Адпаведна, і знак – не падпадае пад юрысдыкцыю беларускага права. Да таго ж «Белсат» зарэгістраваны як «Белсат ТВ» («Belsat TV»), а гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства – як «БЕЛСАТплюс» (пасведчанне аб рэгістрацыі № 190991566). 11 лістапада – у Польшчы Дзень Незалежнасці і афіцыйны выходны, у сувязі з гэтым «Белсат» звярнуўся ў суд з просьбай перанесці судовае паседжанне. Фірма, якая падала ў суд на «Белсат ТВ», не хоча грашовай кампенсацыі. Яе адзінае патрабаванне, каб спадарожнік «Astra» прыпыніў трансмісію сігналу тэлебачання «Белсат» («Белсат» транслюецца са спадарожніку «Astra 4A» (ранейшая назва – «Sirius 4»)). 11 лістапада Вярхоўны суд вырашыў перанесці разгляд справы на 9 снежня. Прадстаўнік тэлеканала Міхась Янчук патлумачыў, што тэлеканал атрымаў позву за два працоўныя дні да пачатку пасяджэння, таму паводле закона яны маюць права на адтэрміноўку.

 

12 лістапада намеснік старшыні “Беларускай асацыяцыі журналістаў” Андрэй Бастунец паведаміў, што Беларусь займае апошняе месца паводле свабоды СМІ сярод краін Усходняга партнёрства. Пра гэта сведчыць квартальны Індэкс свабоды слова, прэзентаваны ў Мінску. На бягучы момант безумоўнымі лідарамі рэйтынгу з’яўляюцца Малдова і Грузія. Эксперты адзначылі: паколькі становішча спраў у медыйнай сферы застаецца без зменаў, магчыма, гэта звязана якраз з тым, што ў Беларусі не адбываецца ніякіх электаральных кампаній. І другі раз запар усе эксперты паставілі мінімальную колькасць балаў (нуль), калі ацэньвалі сітуацыю з заканадаўствам аб дэфамацыі. Калі ў Крымінальным Кодэксе Беларусі ёсць 6 артыкулаў, якія прадугледжваюць крымінальную адказнасць за дэфамацыю, то такі падыход экспертаў вельмі зразумелы. Індэкс свабоды слова вызначаецца ў шасці краінах праграмы Усходняга партнёрства паводле падзей і тэндэнцый, якія адбыліся ў галіне СМІ за тры мінулыя месяцы. Найбольш адмоўнай падзеяй у Беларусі за ліпень-кастрычнік было названае закрыццё ўладамі прыватнага незалежнага выдавецтва «ЛогвінаЎ».

 

18 лістапада ў Вышэйшым гаспадарчым судзе пачаліся слуханні па заяве на Міністэрства інфармацыі Беларусі з просьбай адмяніць загад аб пазбаўленні ліцэнзіі выдавецтва “Логвінаў”. Ліцэнзію адклікалі па рашэнні калегіі міністэрства “ў сувязі з дапушчанымі грубымі парушэннямі заканадаўства аб ліцэнзаванні” -- выпуск альбома “Прэс-фота Беларусі 2011”, які суд Ашмянскага раёна прызнаў экстрэмісцкім 18 красавіка 2013 года. Выдавецтва "Логвінаў" выступала выдаўцом альбома”. Справу разглядала суддзя Таццяна Праташчык. Суд задаволiў хадайнiцтва аб заслухоўванні сведкаў Уладзіміра Арлова, Ігара Бабкова і Юліі Дарашкевіч. Сведка Юлія Дарашкевіч паведаміла, што ў альбоме былі змешчаныя фота, якія раней з'явіліся ў СМІ, у т.л. дзяржаўных -СБ, БелТА. Уладзімір Арлоў паведаміў, што выдавецтва Логвінаў працуе 14 год, выдадзена за гэты час 700 кніг, і гэта важкі ўнёсак у развіццё беларускай культуры. Сведка Ігар Бабкоў зазначыў, што "Логвінаў” - гэта не барыкады і не палітычны праект, гэта праект у самым сэрцы беларускай культуры. Пацярпелымі, калі выдавецтва закрыюць, будуць чытачы і беларускія аўтары". Прадстаўнік “Логвінава” Андрэй Бастунец паставіў пытанне пра правамоцнасць паседжання калегіяльнай камісіі Мінінфармацыі, дзе было прынята рашэнне аб пазбаўлення ліцэнзіі выдавецтва. У дакументах стаіць толькі подпіс міністра Праляскоўскага, прозвішчы 9 іншых чальцоў калегіі не указана. Суддзя паведаміла, што правамоцнасць падцверджана подпісам міністра. Прадстаўнік Міністэрства інфармацыі праігнаравала крытыку Бастунца, што рашэнне дзяржоргана не адпавядае нормам Канстытуцыі і Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычнах правах. Рашэнне суддзі: «Суд вырашыў: ІП Ловінаву адмовіць у прызнанні несапраўдным рашэнне Міністэрства інфармацыі». Рашэнне можа быць абскарджана у касацыйным парадку.

 

26 лістапада каля 12-й гадзіны на ўездзе ў Глыбокае затрымалі незалежных журналістаў Вячаслава Пяшко і Насту Рэзнікаву. Яны ехалі рыхтаваць відэасюжэт для сайта газеты “Новы час”. Машыну, якой кіраваў В.Пяшко, спынілі на ўездзе ў горад супрацоўнікі ДАІ. Праверыўшы дакументы, міліцыянеры спачатку сказалі, што іх насцярожвае нумар кузава машыны. Пасля праверылі багажнік і папрасілі праехаць з імі ў РУУС, бо вонкава машына і яе пасажыры нібыта падыходзілі пад апісанне махляроў у вышуку. На просьбу журналстаў паказаць “арыенціроўку” – апісанне прыкмет злачынцаў, на падставе якіх іх затрымалі, – міліцыянты прад’явілі непераканаўчы дакумент на камп’ютары з агульным апісаннем мужчыны “еўрапейскай знешнасці”. Раздрукаваць дакумент адмовіліся. Прыкладна праз паўгадзіны абодвух вызвалілі, перапісаўшы пашпартныя дадзеныя і нумары тэлефонаў. Гутарыў з імі старшы оперупаўнаважаны Мікалай Кватэра.

 

Абмежаванне свабоды сходаў

 

1 лістапада ў Жодзінскім гарадскім судзе пачаўся разгляд справы па забароне 4 жніўня пікету ў падтрымку зняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага і іншых палітвязняў. Паседжанне вёў суддзя Іван Грынкевіч. Гарвыканкам па справе прадстаўляла загадчыца юрыдычнага аддзелу Вольга Вергель. Адметнасцю дадзенай справы з’яўлялася тое, што заяўнікі, праваабаронцы Аляксей Лапіцкі і Святлана Лапіцкая, аспрэчвалі адмову, вынесеную згодна з новай пастановай ад 27 ліпеня 2012 года за №1020 “Абпарадку правядзення масавых мерапрыемствах у горадзе Жодзіна”. У адпаведнасці з новымі патрабаваннямі, да заяўкі ў выканкам неабходна прыкласці копіі дамоў з міліцыяй, медыкамі і камунальшчыкамі, але яны не заключаюць такіх дамоў да атрымання адпаведнага дазволу з выканкаму на правядзенне масавага мерапрыемства. Пасля прадстаўлення пазіцый суд прыняў шэраг хадайніцтваў з боку заяўнікаў і пастанавіў выклікаць на паседжанне 8 лістапада прадстаўнікоў Жодзінкіх ГАУС, ЖКГ і гарадской бальніцы для дачы тлумачэнняў па справе. У агульнай колькасці адбыліся 4 судовыя паседжанні па справе, у выніку якіх суддзя 22 лістапада не задаволіў скаргу праваааронцаў, прызнаўшы рашэнне гарвыканкаму законным.

 

5 лістапада ў Гродзенскім абласным судзе прайшоў разгляд касацыйнай скаргі праваабаронцаў Віктара Сазонава, Уладзіміра Хільмановіча і Рамана Юргеля на рашэнне суда Ленінскага раёна Гродна па адмове гарвыканкаму ў правядзенні пікету 4 жніўня ў падтрымку зняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага. 23 верасня бягучага года суддзя Ленінскага раённага суда Гродна Жана Краўчанка вызначыла, што гарвыканкам зрабіў усё законна. Калегія абласнога суда на чале з суддзёй Людмілай Малючок і ў прысутнасці пракурора пакінула рашэнне раённага суда нязменным.

 

6 лістапада стала вядома, што жыхароў Глыбокага фактычна пазбавілі права на правядзенне мірных сходаў. Райвыканкам вырашыў унесці змены ў сваё рашэнне наконт арганізацыі масавых мерапрыемстваў – змяніць месца для іх правядзення. Высветлілася гэта, калі мясцовыя актывісты вырашылі зладзіць пікет салідарнасці з палітвязнямі. Паводле атрыманага імі ліста з адмовай, правядзенне масавых мерапрыемстваў немагчыма нявызначаны тэрмін. Як напісана ў лісце за подпісам старшыні Глыбоцкага райвыканкаму Алега Морхата, змены ў ранейшае рашэнне райвыканкаму ўнесеныя 8 кастрычніка, і ў дадзены момант новая рэдакцыя праходзіць юрыдычную экспертызу у абласной управе юстыцыі, потым яно мусіць быць унесена ў рэестр дзяржаўных актаў. І толькі потым, калі не спатрэбіцца яшчэ нейкая праўка ці ўдакладненні, змененае рашэнне будзе надрукавана ў раённай газеце і ўступіць у законную сілу. Пікет салідарнасці з палітвязнямі быў запланаваны на 23 лістапада. 18 лістапада заяўляльнік пікета Дзмітрый Лупач падаў у суд Глыбоцкага раёна скаргу на рашэнне райвыканкаму аб забароне масавага мерапрыемства. 25 лістапада падчас разгляду скаргі ў судзе прадстаўніца юрыдычнага аддзелу райвыканкама агучыла іншую прычыну забароны: адсутнасць дамоў з міліцыяй, медыкамі і ЖКГ на абслугоўванне акцыі. Суд прыняў бок выканкаму і прызнаў забарону пікета законнай, узяўшы пад увагу прычыну, агучаную ў працэсе. Толькі ў судзе Дзмітрый Лупач даведаўся, што новае рашэнне выканкаму ўжо зацверджана і з 1 лістапада ўступіла ў дзеянне, пры гэтым раённая газета "Веснік Глыбоччыны" пра гэта не паведамляла, а на сайце выдання рубрыка "Нарматыўныя прававыя акты" не працуе ўвогуле.

 

6 лістапада Слонімскі раённы суд разгледзеў скаргу слонімскага актывіста Алеся Масюка, у якой ён прасіў прызнаць незаконным і адмяніць рашэнне райвыканкама пра забарону правядзення пікету 29 верасня ў абарону чытачоў і падпісчыкаў “Газеты Слонімскай”. Падставай для адмовы паслужыла тое, што ў гэты дзень паводле плану працы аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Слонімскага райвыканкаму, РК ОО БРСМ у гарадскім парку павінна была адбыцца крос-віктарына “Ведай свой край”. А згодна закону, у адным месцы адначасна нельга праводзіць некалькі масавых мерапрыемстваў. Калі прадстаўнікі выканкама прадставілі ў суд план работы аддзелу ідэалагічнай работы, у плане было пазначана, што крос-віктарына запланавана на 29 верасня, а ўжо пазней з’явілася дата 28 верасня. Нягледзячы на гэта, суд вынес рашэнне пакінуць скаргу заяўніка без задавальнення, палічыўшы, што з боку райвыканкама парушэнняў закона не было.

 

10 лістапада на Цэнтральным гарадскім стадыёне Бярозы планаваўся пікет салідарнасці з палітвязнямі, аднак Бярозаўскі райвыканкам у асобе намесніка кіраўніка Яўгена Тарасюка забараніў яго. Названая прычына: адсутнасць дамоў з адпаведнымі службамі: міліцыяй, медыкамі і ЖКГ. Пры гэтым райвыканкам быў пастаўлены праваабаронцамі ў вядомасць, што службовыя асобы самі павінны звязваецца з міліцыяй для абслугоўвання пікету згодна з патрабаваннямі Пастановы Савета Міністраў ад ад 2012 года № 207. Таксама заяўнікамі быў дасланы ў райвыканкам дакумент з райбальніцы, дзе паведамлялася, што яны не маюць адпаведнай Пастановы на абслугоўапнне пікету, як і прэйскуранта.

 

12 лістапада стала вядома, што Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў парушэнне беларускімі ўладамі права старшыні Гомельскай абласной арганізацыі Беларускай партыі левых “Справядлівы мір” Уладзіміра Сякеркі на правядзенне мірнага сходу, забараніўшы ў снежні 2007 года правесці ў Гомелі мітынг у знак нязгоды з адменай льготаў насельніцтву краіны. Мясцовыя чыноўнікі запатрабавалі тады ад дэмакратаў аплаціць паслугі міліцыі, камунальшчыкаў ды хуткай дапамогі. Камітэт па правах чалавека нагадаў, што калі дзяржава накладае абмежаванне на свабоду мірнага сходу, тады ёй варта садзейнічаць ажыццяўленню права, а не шукаць непатрэбныя або неадпаведныя абмежаванні. На падставе рашэння Камітэту ААН Урад Беларусі мусіць забяспечыць «ахвяры парушэння эфэктыўны сродак прававой абароны, уключна з поўным пакрыццём выдаткаў і належнай кампенсацыяй», а таксама абавязаны «не дапускаць падобных парушэньняў у будучыні». Акрамя таго, беларусія ўлады абавязаны «змяніць нацыянальны Закон аб масавых мерапрыемствах і практыку яго прымянення такім чынам, каб забяспечыць кожнаму права на свабоду правядзення мірных сходаў».

 

13 лістапада актывісты Руху «За свабоду» і АГП Аляксандр Процка і Андрэй Толчын атрымалі паведамленне з Камітэту па правах чалавека ААН, згодна з якім прызнана парушэнне беларускімі ўладамі іх права на свабоду выказвання меркавання (артыкул 19 Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах). Камітэт ААН раіць беларускаму ўраду сплаціць Аляксандру Процка і Андрэю Толчыну выдаткі і маральную шкоду, аднавіць іх правы, а таксама прывесці нацыянальнае заканадаўства, у прыватнасці, Закон аб масавых мерапрыемствах, у адпаведнасць міжнародным стандартам. Справа датычылася падзеяў 2008 года, калі актывісты распаўсюджвалі ў Брагіне і Нароўлі запрашэнні на сустрэчу з лідэрамі апазіцыі, якія збіраліся наведаць «чарнобыльскія» раёны напярэдадні чарговай гадавіны аварыі на ЧАЭС. Аляксандр Процка і Андрэй Толчын былі затрыманы міліцыяй і пакараны штрафам і арыштам адпаведна.

 

14 лістапада Баранавіцкі гарвыканкам у асобе намесніка старшыні гарвыканкама Дз. Касцюкевіча забараніў пікет пад лозунгамі “Іх трэба спыніць”, “Дзеянні ўлады – пад грамадскі кантроль”, заяўка на які была пададзена актывістам гарадскога прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці Рыгорам Грыкам. Чыноўнік адзначыў, што лозунг заяўленага масавага мерапрыемства парушае патрабаванні арт. 10 Закона РБ “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”.

 

14 лістапада калегія Віцебскага абласнога суда разгледзела скаргу Хрыстафора Жаляпава і Аляксея Гаўруцікава на пастанову Першамайскага райсуду (суддзя Вольга Іванова), куды звярнуліся пасля атрымання чарговай забароны на правядзенне пікета супраць размяшчэння на тэрыторыі Беларусі расійскіх вайсковых баз 8 верасня. У якасці прычыны адмовы была ўказана адсутнасць дамоваў на абслугоўванне пікету супрацоўнікамі МУС і хуткай дапамогай. Гэткія дамовы, паводле рашэння Віцебскага гарвыканкаму №881, трэба далучаць адразу да заяўкі на акцыі. Аднак абласная ўправа МУС і цэнтральная гарадская паліклініка – менавіта гэтыя структуры пералічаны ў рашэнні гарвыканкаму "Аб арганізацыі масавых мерапрыемстваў у г.Віцебску – адмовіліся заключаць дамовы з актывістамі. Як і раённы суд, калегія Віцебскага абласнога суду прызнала забарону законнай, але накіравала на перагляд справу ў той частцы, якая тычылася адмоваў ад супрацоўніцтва з актывістамі з боку міліцыі і цэнтральнай гарадской паліклінікі.

 

17 лістапада слонімскі актывіст Алесь Масюк меў намер правесці ў гарадскім парку пікет, на якім выказацца за права жыхароў Слонімскага раёна свабодна афармляць падпіску на рэгіянальную “Газету Слонімскую” у РУП “Белпошта” і вольна яе набывацьь у шапіках “Белсаюздруку”. За чатыры дні да заяўленага мерапрыемства з райвыканкаму прыйшла адмова за подпісам выконваючага абавязкі першага намесніка старшыні Уладзіслава Гершгорына. У ёй тлумачыцца, што ў гэты ж дзень і час у Слоніме па вуліцы Опернай будзе праводзіцца дзяржаўнае масавае мерапрыемства “Маладое пакаленне – на старт!”, прысвечанае Міжнароднаму дню студэнта.

 

19 лістапада ў судзе Бярозаўскага раёна адбыўся разгляд скаргі праваабаронцаў Тамары Шчапёткінай і Сяргея Русецкага, а таксама грамадскай актывісткі Таццяны Тарасевіч на рашэнне райвыканкаму аб забароне пікета суупраць смяротнага пакарання, які планаваўся 10 кастрычніка. Заяўнікі прасілі суд прызнаць адмову ў пікеце неправамоцнай, паколькі рашэнне райвыканкама ад 9 лютага 2010 года “Аб парадку правядзення масавых мерапрыемстваў у Бярозаўскім раёне” выканаць проста немагчыма. Згодна з рашэннем выканкама, разам з заявай на пікет павінны быць пададзены копіі дамоў з міліцыяй, ЖКГ і бальніцай на абслугоўванне масавага мерапрыемства. Разам з тым, паводле Пастановы Савета Міністраў ад 2012 года № 207, райвыканкам павінен даслаць у міліцыю копію зарэгістраванай заявы на пікет (чаго райвыканкам не зрабіў падчас прыняцця рашэння па забароне пікета) і толькі тады можа быць абмеркавана з райвыканкамам дзеянні міліцыі падчас пікету. Бярозаўская бальніца не заключыла дамову, бо гэта проста не прапісана ў дакументах Міністэрства аховы здароўя і няма нават прэйскуранта на гэта. У ЖКГ таксама адмовіліся складаць дамову на 10 кастрычніка, бо раптам успомнілі, што стадыёны з’яўляюцца ўласнасцю райвыканкама і параілі звяртацца па дамовы туды. Мяняць рашэнне паводле больш позняй Пастановы Саўміна райвыканкам адмовіўся. На судзе юрыст райвыканкама Яўген Кашталян заявіў, што яму ніхто з Саўміна не даваў адпаведнага распараджэння. Суддзя Наталля Мінчанка пры прыняцці рашэння стала на бок райвыканкама і адмовіла праваабаронцам і грамадскай актывістцы ў задавальненні скаргі. 29 лістапада праваабаронцы падалі скаргу на рашэнне суда першай інстанцыі ў Брэсцкі абласны суд.

 

21 лістапада старшыня Быхаўскай раённай арганізацыі Партыі БНФ Сяргей Антонаў падаў у мясцовы райвыканкам пісьмовы зварот да яго старшыні Дзмітрыя Калеева з просьбай вызанчыць месца для правядзення пікетаў на тэрыторыі горада Быхава. Падставай для напісання звароту паслужыла тое, што, двойчы за апошнія месяцы яго заяўкі на правядзенне масавых мерапрыемстваў (пікетаў) былі адхілены. У першы раз падставай для адмовы паслужыла тое, што заяўленае месца (плошча Красоўскага) знаходзіцца паблізу ад раённага радыё. У другі раз Сяргею Антонаву адмовілі ў правядзенні пікету супраць размяшчэння замежных вайсковых баз і ваенных аб’ектаў на тэрыторыі Беларусі па прычыне таго, што мясцовае УКП “Жылкамгас” праводзіла рамонтныя работы ў парку 50-годдзя Перамогі. “Спадзяюся, што Дзмітрый Калееў нарэшце дасць мне канкрэтны адказ, дзе ж у Быхаве можна праводзіць пікеты, - адзначае Сяргей Антонаў. – Ну а пасля зноў падам заяўку на правядзенне пікету ўжо ў вызначаным імі самімі месцы, каб у чыноўнікаў не было нейкіх падставаў для чарговай адмовы”.

 

25 лістапада Магілёўскі абласны суд разгледзеў дзве скаргі, пададзеныя праваабаронцамі Барысам Бухелем і Аляксеем Колчыным. У першым выпадку суд пад старшынствам суддзі Святланы Стальмаховай спыніў справу з нагоды скаргі магілёўскіх праваабаронцаў на рашэнне Магілёўскага гарвыканкама з нагоды вызначэння адзінага месца ў горадзе для правядзення масавых мерапрыемстваў, арганізатарамі якіх выступаюць палітычныя партыі, грамадскія арганізацыі, прафсаюзныя арганізацыі і грамадзяне. У другім выпадку на падставе рашэння, якое было прынята ў судзе першай інстанцыі, Магілёўскі абласны суд у гэтым жа складзе адмовіў у задавольненні скаргі і пакінуў у сіле рашэнне суда Ленінскага раёна Магілёва з нагоды забароны пікета магілёўскімі ўладамі з мэтай патрабавання вызваліць праваабаронцу Алеся Бяляцкага і іншых палітвязняў.

 

Абмежаванне свабоды асацыяцый

 

11 лістапада сябра Беларускага незалежнага прафсаюза Леанід Дубаносаў спрабаваў аспрэчыць рашэнне суда Лунінецкага раёна, які не аднавіў яго на працы на прадпрыемстве “Граніт” і не прызнаў факт дыскрымінацыі з-за прафсаюзнай прыналежнасці. У сваёй касацыйнай скарзе ў Брэсцкі абласны суд Дубаносаў адзначыў, што звальненне адбылося менавіта за ягоны ўдзел у незалежным прафсаюзным руху, бо за раней амаль за 20 гадоў працы на “Граніце” ён не меў ніякіх спагнанняў з боку адміністрацыі прадпрыемства, а за апошні час атрымаў адразу два, якія і з’явіліся падставай, каб не працягваць працоўны кантракт. Абласны суд пакінуў скаргу без задавальнення.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства