Пацярпеламу ад дзедаўшчыны дадуць медаль
А злачынца пасля дысбату працягне служыць у войску. У брэсцскай 38-й дэсантнай брыгадзе саслужыўца пабіў жаўнера. У выніку Яўгену Бекарэвічу была зроблена аперацыя і выдалена селязёнка. Бацька пацярпелага, Юры Віктаравіч, паведаміў Еўрарадыё, што яго сына пабілі далёка не першы раз, але сам ён не хацеў пра гэта камусьці расказваць.
Яўген праслужыў у войску больш за паўгоду. За гэты час бацька зразумеў, што ягоны сын пастаянна знаходзіцца пад фізічным уціскам з боку старэйшых саслужыўцаў. Нават пасля гэтага здарэння Яўген спачатку сказаў бацьку, што сам зваліўся з машыны. Гаворыць Юры Віктаравіч:
“Дзедаўшчына існуе паўсюль. Проста дзесьці яна ёсьць, дзесьці няма. У частцы майго сына яна ёсць дакладна. Сказаць, што яму там было салодка, – не скажаш. Ліставацца ён не вельмі любіў. Калі нам удавалася паразмаўляць, то ўсё адразу было бачна” .
На гэты момант Яўген пераведзены з лякарні хуткай дапамогі ў медыцынскую роту сваёй часці, гэта журналістам Еўрарадыё пацвердзілі ў прыёмным пакоі:
“Яго ўчора выпісалі і забралі ў сваю ваенную часць” .
Юры Віктаравіч распавёў “Еўрапейскаму радыё”, што спачатку кіраўніцтва ваеннай часці спрабавала схаваць справу. Але ж пасля нанясення такіх сур’ёзных пабояў Яўгену Бекарэвічу ваенныя ўжо не здолелі “замяць” выпадак у 38-й брыгадзе. Самі бацькі пацярпелага вырашылі таксама не даваць справе далейшага ходу:
“Мы вырашылі з жонкай, што лепш нам гэту справу скончыць. Агалосак справе мы далі. Сын вяртаецца ў сваю частку, нібыта ў медроту. Проста мы самі вельмі на нервах, і ў нас ужо ўсё калоціцца…”
Па словах прэсавага сакратара Міністэрства абароны Вячаслава Раменчыка, злачынства было выяўлена кіраўніцтвам вайсковай часці. Цікава тут іншае. Справа ў тым, што пасля суда магчыма што злачынца вернецца ў шэрагі беларускага войска, прычым у тую ж ваенную часць:
“Калі будзе прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі з адбыццём у дысцыплінарнай часці, то па законе пасля адбыцця свайго тэрміну, ён павінен будзе даслужыць у войску”.
Вячаслаў Раменчык таксама паведаміў, што справа радавога Бекарэвіча перададзена ў ваенную пракуратуру. “Еўрапейскае радыё” вырашыла звярнуцца да спецыяліста-траўматолага Івана Шэгі з просьбай расказаць, наколькі сур’ёзнымі павінны быць пабоі, каб потым трэба было выдаляць селязёнку:
“Нагамі, мусіць, білі. Калі рэбры пабілі, так і селязёнка можа парвацца, калі добра ботамі пастукаць. Дастаткова збіць з ног і ботамі пару разоў стукнуць – вось вам і разбітая селязёнка.”
Дзедаўшчына ў войску – праблема старая, як самое жыццё. Але іншае справа, як да гэтага ставіцца. Можна, канешне, успрымаць гэта як Яўген – спрабаваць папросту перажыць “малады” перыяд і дачакацца свайго “дэмбелю”. А на самой справе атрымалася, што дачакаўся ён камісавання з войска.
Дарэчы, па словах бацькі, кіраўніцтва часці збіраецца ўручыць ганаровы медаль Яўгену. Але ж застаецца незразумелым за што: ці то за пашкоджанні ад саслужыўца, ці то за сваё маўчанне на судзе…