Бялынічы: “Навагодні пабор” з суб’ектаў гаспадарання
Бялыніцкія прадпрымальнікі і прыватныя прадпрыемствы павінны набыць неабходныя матэрыялы для ўпрыгожання гарадскога пасёлка да сустрэчы Навагодніх святаў. З адпаведнай паперай з Бялыніцкага райвыканкама мясцовыя кіраўнікі прыватных прадпрыемстваў і індывідуальныя прадпрымальнікі былі азнаёмлены на гэтым тыдні.
У паперы, падпісанай намеснікам старшыні райвыканкама па пытаннях эканамічнага развіцця, пералічана сямнаццаць суб’ектаў гаспадарання з гарадскога пасёлка Бялынічы і пазначана колькасць дзюралайта (дзюралайт – празрысты (каляровы) шнур, з размешчанымі ўнутры дыёдамі альбо лямпамі накальвання. Вырабляецца з гнуткіх палімераў, выконвае функцыі светавой гірлянды), якую ім патрэбна набыць. Усе гэтыя суб’екты гаспадарання (у асноўным крамы) размяшчаюцца ў цэнтральнай частцы Бялыніч па вуліцах Савецкая, Ленінская і Калініна.
Так, адна з бялыніцкіх прадпрымальніц кажа, што ёй асабіста райвыканкамаўскімі чыноўнікамі “рэкамендавана” набыць 30 метраў дзюралайта.
Прадпрымальнікі выказваюць незадаволенасць такой вось ненавязлівай “рэкамендацыяй” з боку Бялыніцкага райвыканкама, аднак усё роўна збіраюцца яе выконваць, бо баяцца, што ў іншым выпадку ў іх могуць узнікнуць праблемы ў вядзенні асабістага бізнэсу.