Суд Логвінава супраць Мінінфармацыі прызначаны на 18 лістапада
Пра гэта стала вядома па выніку папярэдніх слуханняў справы, якія адбыліся ў чацвер 14 лістапада. Падчас слуханняў абодва з бакоў пацвердзілі свае ранейшыя пазіцыі. Разгляд заявы ў панядзелак 18 лістапада прызначаны на 12:00.
Нагадаем, што 23 верасня прыватнае выдавецтва “Логвінаў” атрымала ад Міністэрства інфармацыі афіцыйнае паведамленне пра пазбаўленне ліцэнзіі на права ажыццяўляць выдавецкую дзейнасць. Ліцэнзію адклікалі па рашэнні калегіі міністэрства “ў сувязі з дапушчанымі грубымі парушэннямі заканадаўства аб ліцэнзаванні”. Гаворка ішла пра выпуск альбома “Прэс-фота Беларусі 2011”, які суд Ашмянскага раёна прызнаў экстрэмісцкім 18 красавіка 2013 года. Выдавецтва "Логвінаў" выступала выдаўцом альбома”.
23 кастрычніка выдавецтва “Логвінаў” накіравала ў Вышэйшы гаспадарчы суд заяву аб прызнанні несапраўдным загаду Мінінфармацыі аб спыненні дзеяння ліцэнзіі на выдавецкую дзейнасць.
З патрабаваннем аднавіць ліцэнзію да Міністэрства інфармацыі Беларусі таксама ўжо звярнуліся сотні пісьменнікаў з усяго свету, журналісцкія іпісьменніцкія арганізацыі і творчыя саюзы. Усе яны звяртаюць увагу на выключнасць выдавецтва, якое падтрымлівала і друкавала творы вельмі шырокага кола аўтараў.