У Воршы на Дзяды згадалі ахвяраў сталінскіх рэпрэсій
Як і штогод, грамадзкія актывісты сабраліся ва ўрочышчы Кабыляцкая гара пад Воршай. Гэта другое ў Беларусі — пасьля менскіх Курапатаў — афіцыйна прызнанае месца расстрэлу мірнага насельніцтва ў 1930-50-я гады.
Цяпер пра тыя падзеі на Кабыляцкай гары нагадвае самаробны мэмарыял — камень-валун, некалькіі памятных шыльдаў, два даўляныя крыжы — каталіцкі і праваслаўны.
Калі ў канцы 1990-х стала вядомая страшная праўда пра масавыя расстрэлы, помнік у гэтых мясьцінах быў усталяваны аршанскімі ўладамі. Але гэта быў іншы помнік — камень з шыльдай на ім. Шыльды некалькі разоў кралі невядомыя злодзеі. І ўрэшце, замест таго, каб чарговы раз адрамантаваць помнік, у гарвыканкаме махнулі на яго рукой... З тае пары добраўпарадкаваньне гэтага месца стала клопатам мясцовых актывістаў.
Штогод 2 лістапада тут праходзяць жалобныя мерапрыемствы. Сёлета на памінальную акцыю сабралася пад два дзясяткі чалавек. І гэта былі ня толькі мясцовыя актывісты: сюды ў гэты дзень прыходзяць і тыя, чыіх сваякоў расстралялі ў гэтым урочышчы. Яны дзеляцца ўспамінамі, прыносяць кветкі. Хаця дакладна не вядома, дзе ў гэтым лесе чыя магіла, бо ўрочышча Кабыляцкая гара — суцэльнае масавае пахаваньне. І дагэтуль дакладна ня вызначана, колькі ахвяраў тут разьвіталіся з жыцьцём.
Пра тыя часы і пра лёс сёньняшняй Беларусі паэтка Яўгенія Казлова прачытала некалькі вершаў. Пад крыжамі і бел-чырвона-белымі сьцягамі прысутныя запалілі сьвечкі памяці. А на вялікі камень-валун усклалі жывыя кветкі.