viasna on patreon

Паліна Сцепаненка: Мне здавалася, што нас усіх расстраляюць

2013 2013-11-01T13:13:40+0300 2013-11-01T13:13:40+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kachatkova-palina.jpg
Паліна Сцепаненка (Качаткова)

Паліна Сцепаненка (Качаткова)

Праваабаронца і пісьменніца Паліна Сцепаненка-Качаткова ўзгадвае акцыю Дзяды ў 1988 годзе і праваабарончую дзейнасць.

РР: Учора прыйшла сумная вестка - у Менску загінула 25-ці гадовая праваабаронца Вікторыя Старасценка. Ці нябяспеча быць праваабаронцам у Беларусі?

Паліна Сцепаненка: Так, праваабаронцам наогул быць небяспечна. Міжнародныя праваабарончыя форумы заўсёды пачынаюцца з хвіліны маўчання, бо праваабаронцы працуюць у самых гарачых кропках, маюць справы з небяспечнымі з'явамі, часта супрацьстаяць дзяржаве. Асабліва іх праца небяспечная ў краінах з аўтарытарнымі і таталітарнымі рэжымамі.

РР: У Беларусі праваабаронцы яшчэ часта трапляюць за краты. Тут варта згадаць усім вядомага праваабаронцу Алеся Бяляцкага, дзякуючы якому ты і прыйшла ў праваабарончую дзейнасць.

Паліна Сцепаненка: Я сапраўды прыйшла ў праваабарончую дзейнасць, дзякуючы Алесю Бяляцкаму.

РР: І было гэта ў 90-ыя гады, калі шмат што адбывалая, але я хачу вярнуцца яшчэ да першай масавай акцыі ў Менску, ад якой і пачаліся змены - да Дзядоў 1988 году… Ты была на акцыі?

Паліна Сцепаненка: Так, я была на акцыі ў 1988 годзе. Больш за тое, я была і на першых Дзядах, якія адбыліся ў 1987 годзе ў Купалаўскім скверы. Пра гэта цяпер рэдка згадваюць. У апошні год свайго жыцця пісьменнік Кастусь Тарасаў напісаў кароткія ўспаміны пра тыя першыя Дзяды, іх можна знайсці ў інтэрнеце. Там спявала Кася Камоцкая, паэт Анатоль Сыс зачытваў спіс рэпрасаваных беларускімх палітыкаў і літаратараў. Гэта была нешматлікая акцыя. І я нават не магла ўявіць, што праз год акцыя будзе такой масавай. Мы, студэнты, клеілі абвесткі на слупах - запрашэнніі на Дзяды. Усе рукі былі ў сінтэтычным клеі. Але я была вельмі ўражаная, калі мы выйшлі на станцыі метро «Усход» і ўбачылі шмат, вельмі шмат людзей, якія рухаліся да Маскоўскіх (Усходніх) могілак.

РР: У СМІ з'явілася інфармацыя, што падчас Дзядоў збівалі людзей.

Паліна Сцепаненка: Гэта была першая гвалтоўна разагнаная акцыя ў СССР. Менавіта на ёй мы ўпершыню ўбачылі, як міліцыянты хапаюць на вуліцах людзей і зацягваюць у машыны. Гэта быў шок. На маіх вачах цягнулі ў міліцэйскую машыну Алеся Бяляцкага. Твар ягоныбыў літаральна заліты слязамі. Я тады не разумела, што гэта ад слезацечнага газу «Чаромха», які быў ужыты на той акцыі. Затрыманне Алеся Бяляцкага адбылося на скрыжаванні вуліцы Каліноўскага і праспекту - тады яшчэ імя Леніна… Пасля каля Маскоўскіх могілак стала вельмі страшна, натоўп быў вельмі шчыльны. Была цісканіна З'явіліся вадамёты… Мне здавалася, што зараз нас усіх расстраляюць.

РР: З гэтых Дзядоў, на якіх міліцыянты брутальна разганялі мірную акцыю, пачаліся змены і ў самой Беларусі, і ў Савецкім Саюзе. Усё пакацілася вельмі хутка… Тады ты занялася даследваннем літаратуры ў музеі Маскіма Багдановіча… і таксама з Алесем Бяляцкім…Вы не проста працавалі ў музеі, вы стваралі музей.

Паліна Сцепаненка: Музей пачаў стварацца яшчэ ў 1981 годзе, і гэта было без нас. Калі мы прыйшлі ў музей, там ужо працавалі спецыялісты высокага роўню, такія як Вера Мікута, Таццяна Шубіна, Валянціна Бяляўская… Вельмі дасведчаныя і сумленныя людзі. 

РР: Па-за чыста музейнай дзейнасцю ў музеі Максіма Багдановіча ішла грамадская дзейнасць… Як табе той час запомніўся?

Паліна Сцепаненка: Найлепшы ў жыцці час. У музеі, апрача музею месціліся яшчэ рэдакцыі газеты «Свабода» Ігара Гермянчука, пасля «Наша Ніва» Сяргея Дубаўца. І праваабарончы цэнтр «Вясна» таксама ствараўся фактычна ў музеі. У 1996 годзе, калі падчас масавых акцыяў пачаліся арышты, менавіта з музею насілі першыя перадачы на Акрэсціна.

РР: Ты адна з аўтарак дакументальнай кнігі пра трагедыю на Нямізе, калі 30 траўня 1999 году 53 чалавекі былі затаптаныя ў пераходзе метро, калі хаваліся ад дажджу. Ты размаўляла са сведкамі, з блізкімі, сем'ямі ахвяраў. Мне здаецца, гэта вельмі цяжкая, непасільная праца…

Паліна Сцепаненка: Гэтая праца была ўдзячная, мы з Таццянай Равякай і Таццянай Снітко хацелі захаваць памяць пра загінулых, і сем'і ахвяраў разумелі гэта. Да нас вельмі добра ставіліся. Гэтую працу нельга параўнаць па цяжкасці ў маральным плане з працай у кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання», дзе даводзіцца мець справу з сем'ямі асуджаных да расстрэлу, а гэта вельмі складана… Трэба шукаць у сабе сілы.

РР: Чаму ты занялася тэмай смяротнага пакарання?

Паліна Сцепаненка: Мая бабуля падчас вайны знаходзілася ў камеры смяротнікаў у Гомелі. Яе выратавала толькі вызваленне гораду. Але не толькі гэта. Смяротнае кара - гэта забойства. Нават, калі забіваюць забойцу. Забойства забойцы. Але любое забойства павялічвае колькасць зла на Зямлі. Мы не мусім браць прыклад з забойцаў і забіваць.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства