viasna on patreon

Першае інтэрвію вядомага праваабаронцы Алеся Бяляцкага пасля абраньня яго віцэ-прэзыдэнтам Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека - на “Радыё Свабода”

2007 2007-04-25T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У інтэрвію “Радыё Свабода” Алесь Бяляцкі, які стаў адным зь віцэ-прэзыдэнтаў Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека і першы ў постсавецкай прасторы паведаміў: “Тое, што мяне абралі віцэ-прэзыдэнтам, гэта гаворыць пра цікавасьць міжнароднай супольнасьці і трывогу пэўную за тое, што ў нас адбываецца. Яны такім чынам прызнаюць, што сытуацыя ў Беларусі ненармальная.

Мы задаволеныя тым, што адбылося, бо праблемы з правамі чалавека ў Беларусі можна будзе ставіць на даволі высокім узроўні й рабіць гэта значна больш інтэнсіўна, чым гэта ў нас атрымлівалася раней. Бо сама Міжнародная фэдэрацыі правоў чалавека мае дастаткова міжнародных інструмэнтаў для падняцьця пытаньняў аб правах чалавека на міжнародным узроўні”.

Ён паведаміў таксама, што падчас канфэрэнцыі ў Лісабоне прынялі рэзалюцыю пра сытуацыю з правамі чалавека ў постсавецкіх краінах. Шмат увагі там надаецца Беларусі.

“Апроч таго, у нас вялася дастаткова актыўная дыскусія падчас абмеркаваньня пытаньня аб ужываньні міжнароднай юрысдыкцыі да розных краінаў сьвету. У тым ліку разглядалася пытаньне, якім чынам гэты інструмэнт можна ўжыць да Беларусі, да справаў зьніклых у Беларусі.

Я думаю, што гэтыя магчымасьці беларускія праваабаронцы будуць мець — і змогуць выкарыстоўваць іх больш поўна. І тут шмат што залежыць ня толькі ад міжнароднай супольнасьці, якая дае нам гэтыя інструмэнты, колькі й ад нашай актыўнасьці”.

Алесь Бяляцкі сказаў, што цяпер абавязкаў у яго пабольшае. Але ён мяркуе, што гэта не аслабіць яго дзейнасьці менавіта ў Беларусі.

“Натуральна, што я буду старацца спалучаць гэта. Кола абавязкаў цяпер у мяне павялічваецца, таму нечым давядзецца ахвяраваць. Але зь іншага боку, я думаю, адбудзецца такая якасная кампэнсацыя. Будзе магчымасьць на даволі высокіх узроўнях падымаць пытаньне аб Беларусі — там, дзе раней мы ня мелі такой магчымасьці”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства