Беларусь пагадзілася на адкрыцьцё прадстаўніцтва Еўракамісіі ў Менску
Пра гэта паведамілі БелаПАН у офісе еўракамісара па знешніх сувязях і палітыцы добрасуседства Беніты Ферэра-Вальднер.
"Мы атрымалі рашэнне Міністэрства замежных спраў Беларусі на наш запыт, зроблены ў 2005 годзе, – сказала прэс-сакратар офіса Крысціна Хоман. – Беларускія ўлады прынялі станоўчае рашэнне аб адкрыцці прадстаўніцтва ў Менску".
Па словах К.Хоман, наступным крокам стане абмеркаванне пагаднення паміж Менскам і Брусэлем аб умовах адкрыцця прадстаўніцтва Еўракамісіі.
Нагадаем, што прадстаўніцтва Еўракамісіі ва Украіне, Малдове і Беларусі знаходзіцца ў Кіеве, яго ўзначальвае амбасадар Іен Боўг.
На думку еўрапейскіх службоўцаў, прадстаўніцтва ў Менску неабходнае для эфектыўнага кіравання супрацоўніцтвам і каардынацыі працы з дзейнымі ў краіне дыпмісіямі.