Штодзённа а 18:20 на прыступках касьцёла Сьвятога Язэпа праходзяць малітвы ў інтэнцыі вяртаньня касьцёла
Заклік далучыцца да малітвы змешчаны на інтэрнэт-рэсурсе http://help.ratz.ru, створаным адмослова дзеля ўратаваньня нацыянальнай гістарычнай каштоўнасьці ў Менску: больш за пятнаццаць гадоў каталікі гораду дамагаюцца вяртаньня адабранага яшчэ ў 1863 г. кляштара з касьцёлам Сьвятога Язэпа:
"Гэты сайт зьяўляецца своеасаблівай формай пратэсту супраць зьнішчэньня ўнікальнага помніка архітэктуры XVII стагодзьдзя – касьцёла сьвятога Язэпа і кляштара бернардынаў у горадзе Менску. Мы ня супраць пабудовы пяцізоркавага гатэлю. Мы пратэстуем супраць перабудовы кляштара бернардынаў пад гатэльны комплекс. Праект мае сваёй мэтай прыцягнуць увагу грамадзкасьці да сітуацыі і аб’яднаць усіх людзей, якія хочуць і могуць дапамагчы ў вырашэньні гэтай праблемы.
Мы патрабуем ад уладаў перадаць будынак касьцёла сьвятога Язэпа і комплекс будынкаў былога кляштара бернардынаў Каталіцкаму касьцёлу.
Зьвяртаемся да ўсіх сродкаў масавай інфармацыі (асабліва да хрысьціянскіх) з заклікам як мага шырэй асьвятляць і распаўсюджваць інфармацыю пра сытуацыю з былым кляштарам.
Заклікаем вернікаў усіх канфесій Беларусі дапамагчы нам у вяртаньні сьвятыні і аказаць нам малітоўную ды іншую магчымую падтрымку. Мы просім дзеячоў навукі, культуры, мастацтва, ўсю інтэлігенцыю ды проста неабыякавых людзей адгукнуцца і зрабіць усё магчымае, каб захаваць касьцёл і помнік архітэктуры.
Толькі разам мы здолеем захаваць сьвятыню дзеля будучыні!
Стваральнікі сайту"