34mag.net запусціў спецпраект, прысвечаны людзям з інваліднасцю
Рэдакцыя часопіса 34mag.net запусціла спецпраект Limited Edition, цалкам прысвечаны людзям з інваліднасцю і тэме інваліднасці ў Беларусі. Адмысловая старонка праекту будзе абнаўляцца матэр’яламі на працягу некалькіх наступных месяцаў.
«Нас заўсёды вабілі людзі, не падобныя да ўсіх, − распавядаюць аўтары праекта. − Тыя, хто ідзе па жыцці асаблівым шляхам, хто адрозніваецца ад іншых сваімі думкамі, дзеяннямі, цяжкасцямі і перамогамі. Для нас Limited Edition – гэта перш за ўсё іншы погляд на рэчаіснасць людзей, якія выдзяляюцца з масы і якім ёсць чым падзяліцца».
Мэта праекту – распавесці пра ўнікальны досвед людзей з абмежаванымі магчымасцямі, якія жывуць побач з намі, але ў сілу абставінаў выцясняюцца на перыферыю грамадства. «Мы паспрабуем зірнуць на свет вакол нас іншымі вачыма, адчуць яго такім, як яго адчуваюць гэтыя людзі, прыняць яго з пазіцыі абмежаваных магчымасцяў», − дадаюць аўтары праекта.
Ужо цяпер на старонцы праекта можна прачытаць гутарку паміж двумя хлопцамі з інваліднасцю, якія прапануюць новы погляд на сябе і «сваіх», рэпартаж са спецыяльнага раёна для невідушчых у Віцебску, а таксама этыкет інваліднасці – парады, як правільна паводзіцца ў кампаніі людзей з інваліднасцю.