Жахлівая праўда пра Чарнобыль у дзёньнікавых запісах Алеся Адамовіча
Прэзентацыя кнігі Алеся Адамовіча “Імя гэтай зорцы Чарнобыль” адбудзецца 10 красавіка ў Палацы мастацтваў сталіцы на вуліцы Казлова, 3 а 15 гадзіне.
Як паведаміла Натальля Адамовіч, на сустрэчу з кнігай-дакументам запрошаны вядомыя пісьменьнікі, грамадскія дзеячы, прадстаўнікі амбасадаў, гісторыкі, прыхільнікі шматграннай творчасьці Алеся Адамовіча.
Кніга, якую падрыхтавала да друку дачка пісьменьніка Наталля Аляксандраўна, пабачыла сьвет упершыню за многія гады на Беларусі ў выдавецтве 'Каўчэг”.
Нават праз дваццаць гадоў пасьля чарнобыльскай катастрофы, радкі з дзёньнікавых запісаў Адамовіча, якія пакладзены ў аснову новай кнігі, не старацілі сваёй актуальнасьці. Пісьменьнік адзін з першых ў поўнай меры ўсьвядоміў жахлівую бяду, якую называў генацыдам і ягоны занепакоены голас гучаў на мітынгах, са старонак выданьняў, у лістах да першых асобаў у Беларусі і СССР. Ён не баяўся называць імёны тых кіраўнікоў, хто замоўчваў праўду пра Чарнобыль, хто адмаўляўся ад дапамогі. Выступаючы на адным з мітынгаў “Чарнобыльскага шляху” ён заяўляў: “… мы тут гаворым пра асоб, якіх трэба судзіць. Сапраўды, Чарнобыль звязаны не толькі з вялікай маной, але і з прамымі злачынствамі, службовымі злачынствамі”.
Вось як Алесь Адамовіч узгадваў ў сваіх дзёньнікавых запісах той час:
“Калі 2 чэрвеня 86 г. я быў у Сьлюнькова па чарнобыльскіх справах, ён з захапленьнем расказваў, як быў ім і Кавалёвым задаволены Рыжкоў, што яны, у адрозьненьне ад украінцаў, нічога ня просяць, а гатовыя нават палівальныя машыны аддаць Кіеву. Вось там я зразумеў канчаткова: уся гэтая партыя можа толькі гулагі будаваць, вялікія ці малыя. Але рэспубліканская кампартыя – гэта яшчэ жахлівей. І калі яны будуць заўтра замест Маскоўскай партакратыі навязваць сябе – маўляў, мы таксама беларусы, мы за самастойную камуністычную Беларусь, ня верце ім…Бяда ёсьць бяда. Тым больш такая, як Чарнобыльская. Але яна двойчы бяда, калі народ перад ёю апусьціць рукі.
Нагадаем, што Алеся Адамовіча тагачасны рэжым абвінавачваў у касмапалітызме, пацыфізме і ўрэшце рэшт вымусіў партызана - пісьменьніка зьехаць з Беларусі.