З прыёмніка-размеркавальніка на Акрэсьціна выходзяць палітвязьні
Cёньня на волю выйдуць шасьцёра палітвязьняў. Людзей затрымалі прэвэнтыўна напярэдадні акцыі 25 сакавіка. Усіх абвінавацілі ў дробным хуліганстве. Міліцыянты ў судзе сьцьвярджалі, што апазыцыянэры нецэнзурна лаяліся.
Сёньня а палове на першую ночы з турмы на вуліцы Акрэсьціна выйшаў Уладзімір Галавань. Ён адбыў трое сутак арышту. Цягам дня на волю выйдуць Антон Піеў, Аляксандар Сьцепаненка, Аляксей Рубан. Іх арыштавалі на пяць сутак.
У турму на Акрэсьціна палітвязьні сталі паступаць за пяць дзён да акцыі 25 сакавіка. Людзей хапалі на вуліцы, правяралі ўсе рэчы ў заплечніку. Улёткі з заклікам прыйсьці на Кастрычніцкую плошчу ў Дзень Волі пакідалі ў міліцыі, а затрыманых адвозілі ў турму ці ў суд.
Нягледзячы на тое, што ўсе затрыманьні і складаньне пратаколаў адбыліся з парушэньнямі новага Адміністрацыйнага кодэксу (бо міліцыянты мусілі запрасіць мінакоў быць сьведкамі правапарушэньня), судзьдзі не спынілі ніводнай справы.
У турме на Акрэсьціна застануцца Андрэй Ігнатовіч, Аляксандар Атрошчанкаў і Барыс Гарэцкі. Жонка Аляксандра Атрошчанкава Дар’я Корсак непакоіцца, што ў Аляксандра пагоршыцца стан здароўя.
29 сакавіка з менскай турмы на волю выйдуць Аляксандар Атрошчанкаў і Андрэй Ігнатовіч, 2 красавіка – Барыс Гарэцкі, паведамляе Радыё Свабода.