Ханэс Свобада: Вызваленьне палітвязьняў ня можа быць прадметам дыскусіяў
https://spring96.org/be/news/64028
2013
2013-06-21T12:16:27+0300
2013-06-21T12:16:27+0300
1970-01-01T03:00:00+0300
be
https://spring96.org/files/images/sources/europe.jpg
Старшыня фракцыі сацыял-дэмакратаў у Эўрапарлямэнце, дэпутат з Аўстрыі Ханэс Свобада кажа, што пытаньне пра вызваленьне палітвязьняў зь беларускіх турмаў настолькі зразумелае, што яно ня можа быць прадметам нейкіх дыскусіяў ці дамоваў.
Гэтыя словы прагучалі ў Вільні, дзе кіраўнік другой па колькасьці фракцыі Эўрапарлямэнту сустракаўся зь беларускімі апазыцыянэрамі.
«Тое, што кіраўнік такой уплывовай фракцыі прыехаў у Вільню, і тое, што ў ягонай праграме была сустрэча зь беларускімі апазыцыянэрамі, — гэта вельмі добры знак. Бо ад пазыцыі гэтай фракцыі шмат што залежыць ня толькі для лёсу беларускай рэзалюцыі Эўрапарлямэнту, якая цяпер рыхтуецца, але і наагул для ўсёй пазыцыі па Беларусі», — заявіў Свабодзе лідар АГП Анатоль Лябедзька.
Ханэс Свобада «пажартаваў, што будзем многа гаварыць пра свабоду, бо да гэтага абавязвае яго прозьвішча. І вялікі плюс, што лідэр сацыял-дэмакратаў цалкам падтрымаў стратэгію трох крокаў: вызваленьне і рэабілітацыя палітвязьняў, свабодныя і сумленныя выбары і плян мадэрнізацыі для Беларусі. Ён сказаў, што па пытаньні палітычных вязьняў ня можа быць ніякіх кампрамісаў. А што тычыцца свабодных і справядлівых выбараў, то гэта якраз той сцэнар, які дазваляе міжнароднай супольнасьці не хадзіць па замкнёным коле ў беларускім пытаньні, а яго вырашаць», — дадаў Лябедзька.
Палітык кажа, што сустрэча была зьвязаная з праектам той рэзалюцыі па Беларусі, якую падрыхтаваў калега Свобады па фракцыі, дэпутат зь Літвы Юстас Палецкіс.
У гэтай сустрэчы беларускі бок прадстаўлялі таксама Ірына Вештард і Юрась Губарэвіч.