Карэспандэнта “Еўрарадыё” не дапусцілі на прэс-канферэнцыю ў Палату прадстаўнікоў
Журналісту “Еўрапейскага радыё для Беларусі” Змітру Лукашуку адмовілі ў акрэдытацыі на сённяшнюю прэс-канферэнцыю ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.
Пра гэта сёння тэлефанаваннем паведаміў начальнік упраўлення інфармацыйна-аналітычнай работы ПП НС Мікалай Ліс. Ён патлумачыў, што не акрэдытавалі з-за таго, што няма гадавой акрэдытацыі пры парламенце.
На прэс-канферэнцыю з нагоды разгляду дэпутатамі законапраекта аб канфіскацыі аўтамабіляў у нецвярозых кіроўцаў журналіст “Еўрарадыё” спрабаваў акрэдытавацца яшчэ на мінулым тыдні.
Зміцер Лукашук:
“У прэс-службе Палаты прадстаўнікоў наогул адмаўляліся прыняць па факсе заяўку і перанакіравалі ўзгадняць з кіраўніком – спадаром Лісам. Ён спачатку таксама спасылаўся на адсутнасць у нас гадавой акрэдытацыі, тлумачыў што служба бяспекі прэзідэнта можа не дазволіць. Але, урэшце, даў дазвол на тое, каб у прэс-службе прынялі ад нас заяўку, - распавёў у гутарцы з прэс-службай ГА “БАЖ” Зміцер Лукашук. – А сёння паведаміў, што прысутнічаць на мерапрыемстве для журналістаў адмовілі”.
Паводле журналіста, атрымаць гадавую акрэдытацыю пры Палаце прадстаўнікоў “Еўрарадыё” безвынікова спрабавала цягам двух папярэдніх гадоў.
Справа ў тым, што карэспандэнцкі пункт “Еўрапейскага радыё для Беларусі” атрымлівае акрэдытацыю на працу ў Беларусі ад Міністэрства замежных спраў на год – да 30 лістапада. Адпаведную пастанову штогод прымае Савет міністраў. А накіроўваць заяўку на гадавую акрэдытацыю пры Палаце прадстаўнікоў трэба дзесьці не меней, як за 2 месяцы да канца года.
“На пачатку лістапада заяўку на гадавую акрэдытацыю прэс-служба Палаты прадстаўнікоў унас не прымае на падставе таго, што ў карпункта хутка заканчваецца акрэдытацыя – дазвол на працу - пры МЗС, і, маўляў, мы не ведаем працягнуць нам яе ці не. А калі МЗС працягвае акрэдытацыю, напрыканцы лістапада - пачатку снежня, мы тэлефануем у парламент, а нам кажуць: ужо позна, трэба было звяртацца раней. Так адбывалася і ў мінулым, і пазамінулым годзе”, - тлумачаць ў мінскай рэдакцыі радыёстанцыі.
Нагадаем,18 кастрычніка 2012 года карэспандэнту “Еўрарадыё” З. Лукашуку адмовілі ў акрэдытацыі на першае пасяджэнне Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу новага склікання. Як тады паведаміў Мікалай Ліс, у допуску журналіста ў будынак адмовіла Служба бяспекі прэзідэнта.
Даведка: “Еўрапейскае радыё для Беларусі” існуе ад 2005 года, вяшчанне распачалося з лютага 2006-га. У Беларусі карэспандэнцкі пункт радыёстанцыі працуе з лістапада 2009 года.