Шчучын: пенсіянерку будуць судзіць за крыж
Шчучынская міліцыя склала пратакол пра адміністрацыйнае правапарушэнне, якое нібыта здзейсніла пенсіянерка Вераніка Себасцьяновіч, сябра незарэгістраванага ўладамі Саюзу палякаў Беларусі. 82-гадовай жанчыне праз пошту быў высланы ліст з копіяй пратакола пра адміністрацыйнае правапарушэнне – правядзенне несанкцыянаванага мітынгу.
Себасьцяновіч у траўні была адной з удзельніцаў усталявання памятнага крыжа на хутары ў Рачкаўшчыне, што непадалёк Бакштаў (Шчучынскі раён) у памяць жаўнера Арміі Краёвай Анатоля Радзівоніка, які быў забіты супрацоўнікамі НКВД. Крыж усталёўваўся на прыватнай тэрыторыі. Чаму менавіта пенсіянерка была “прызначана” арганізатаркай акцыі ўшанавання памяці – зразумець цяжка. Справа накіравана ў Шчучынскі раённы суд, калі адбудзецца яе разгляд – пакуль невядома.