viasna on patreon

На «Граніце» шкодныя ўмовы працы зменшыліся толькі на паперы

2013 2013-03-07T12:47:27+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/granit.jpg
Прадпрыемства “Граніт” у Мікашэвічах

Прадпрыемства “Граніт” у Мікашэвічах

Пасля скарачэння льгот рабочыя «Граніту» вяртаюцца ў незалежны прафсаюз.

Пра гэта распавёў адзін з лідэраў незалежнага прафсаюзу на прадпрыемстве Анатоль Ліцвінко:

«Пасля праведзенай у мінулым годзе атэстацыі штучна паменшылі льготы за шкодныя ўмовы працы. Раней у нас быў каэфіцыент шкоднасці 3,3, а цяпер быццам бы запыленасць знізілася, і каэфіцыент стаў 2,2. Цяпер у нас адпачынак за шкоднасць скароціцца з 14 да 7 дзён. Даплата за кожную гадзіну працы скароціцца з 0,2% да 0,14%».

Ліцвінко кажа, што працаўнікоў прымушаюць згаджацца з новымі ўмовамі, запалохваючы непадаўжэннем кантракта. Ён кажа, што не ведае ні пра якія меры, у выніку якіх паменшылася шкоднасць працы на «Граніце»:

«Ды ў нас бывае за 5 метраў не відаць работніка ў цэху з-за пылу! А тут дэкларуюць, што ў нас, аказваецца, запыленасць знізілася... 30 гадоў завод гэты стаіць, і ніякіх мер для паляпшэння гэтага не прымалася...»

Прафсаюзны актывіст мяркуе, што адзіны спосаб абароны сваіх правоў - аб'яднанне рабочых у незалежны прафсаюз:

«Гэта ўсё абурыла работнікаў, і цяпер наспявае тое, што было падчас стварэння вочкі незалежнага прафсаюзу на «Граніце». Зараз да мяне падыходзілі 5 хлопцаў, якія просяць прыняць іх у незалежны прафсаюз. На гэтай хвалі, якую робіць сама адміністрацыя прадпрыемства, нашы шэрагі тут папоўняцца. Агульная бяда заўсёды дапамагае людзям аб'ядноўвацца. А альтэрнатывы незалежнаму прафсаюзу на «Граніце» няма».

Кіраўнік Беларускай канфэдэрацыі дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук адзначае, што падобная праблема існуе і на іншых прадпрыемствах са шкоднай вытворчасцю:

«Пытанне пра гэта мы ставім вельмі востра перад урадам, Міністэрствам працы. Праблема шкоднасці на вытворчасці вырашаецца тым, што праводзіцца атэстацыя, падчас якой ўводзяцца новыя параметры, у адпаведнасці з якімі тое, што ўчора было шкоднае, раптам перастае быць шкодным... І гэта рэальная праблема для рабочых. Гэта тычыцца не толькі «Граніту», але і ўсіх без выключэння прадпрыемстваў, дзе ёсць шкодныя ўмовы працы».

Ярашук распавёў, што ў некаторых выпадках рабочым атрымоўваецца адстаяць льготы за шкоднасць. Некалькі месяцаў таму, калі першы віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка наведваў ААТ «Гродна Азот», рабочыя выказалі яму свой пратэст у сувязі з гэтай праблемай. У выніку на прадпрыемстве льготы пакінулі ранейшымі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства