Сёньня ў Менску прадпрымальнікі правядуць мітынг пратэсту
У сталіцы Беларусі пройдзе дазволены гарадзкімі ўладамі мітынг індывідуальных прадпрымальнікаў. Яны зьбіраюцца пратэставаць супраць увядзеньня указам Аляксандра Лукашэнкі новых парадкаў, якія, на думку прадпрымальнікаў, пагаршаюць умовы іх працы і абмяжоўваюць правы.
Менгарвыканкам дазволіў дробным бізнэсоўцам правесьці мітынг у парку
Дружбы народаў. Як паведаміў адзін з заяўнікаў акцыі, старшыня каардынацыйнай рады сталічных прадпрымальнікаў Аляксандр Макаеў, яны будуць найперш дамагацца адмены прэзыдэнцкага ўказу №760. Напярэдадні Аляксандр Макаеў і яго паплечнікі інфармацыю пра сёньняшні мітынг распаўсюджвалі на рынках Менску й сталічнага рэгіёну. Большасьць прадпрымальнікаў рынку Ждановічы выказалі падтрымку ідэі акцыі, паведамляе Радыё Свабода.
Апроч сталічных прадпрымальнікаў, удзел у акцыі зьбіраюцца прыняць і прадстаўнікі іншых рэгіёнаў. У прыватнасьці, мелі намер прыехаць у Менск кіраўнікі Страйкаму прадпрымальнікаў былыя палітвязьні Валеры Леванеўскі й Аляксандр Васільеў. Аднак, як паведаміў спадар Леванеўскі, у іх узьніклі праблемы з выездам з Горадні:
Леванеўскі: “11 сакавіка я выходзіў з дому – з пад’езду з сям’ёй. І Васільеў быў у мяне ў гасьцях. Толькі селі ў машыну, як нечакана выскачылі супрацоўнікі АМАП, перакрылі нам дарогу. Яны выскачылі, сказалі, каб мы падрыхтавалі дакумэнты і заявілі, што дадзены аўтамабіль ва ўгоне. Я думаю, што гэта была акцыя застрашэньня, каб мы з Васільевым на мітынг не патрапілі”.