viasna on patreon

Бабруйск: Жыхары двух дамоў замярзаюць ва ўласных кватэрах з-за халатнасці чыноўнікаў

2013 2013-01-16T16:58:34+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/babr-holad-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У жыхароў дома № 88 і інтэрната № 17 па вуліцы Леніна ў Бабруйску праблемы з ацяпленем пачаліся яшчэ ў сярэдзіне снежня, калі пачаліся моцныя маразы. На вуліцы было пад 20 градусаў марозу, а ў пакоях градуснікі паказвалі ад +9 да +14. Жыхарам двух будынкаў, падлучаных да міні-ЦЭЦ ад фабрыкі ФанДАК, даводзіцца хадзіць дома ў цёплых рэчах і спаць у іх жа.

Жыхарка дома № 88 Людміла Баева расказвае, што на самой справе праблемы з ацяпленнем пачаліся некалькі гадоў таму, пасля пераводу гэтых двух будынкаў на ацяпленне ад міні-ЦЭЦ.

-Перапіску з гарвыканкамам, камунальнымі службамі вядзем даўно. У мяне ёсць дакумент, датаваны 2009 годам, дзе ў адказ на скаргі нам паабяцалі, што падлучаць дом да сістэмы гарадскога ацяплення. Гэта было рашэнне гарвыканкама. Але ўжо праз нейкіх паўгады мы атрымалі іншую паперу ад чыноўнікаў, у ёй гаварылася, што ФанДАК устанавіў новую міні-ЦЭЦ, якой хопіць, каб абагрэць і фабрыку, і два жылыя будынкі. З тых часоў мерзнем яшчэ больш. Напрыклад, у нашым доме тэмпература адрозніваецца нават па паверхах. Я жыву на другім, і ў мяне +9 градусаў, у суседзяў снізу даходзіць да +14. Але яшчэ больш шкада нам маленькіх дзяцей, што жывуць у суседнім будынку, у інтэрнаце. Знаходзіцца пастаянна ў такім холадзе вельмі небяспечна, - адзначае Людміла Баева.

Перапіска бабруйчан з чыноўнікамі працягваецца і дасюль. У снежні сюды прыяжджала камісія, рабілі замеры тэмпературы, гучалі абяцанні. На сайце гарвыканкама 21 студзеня 2012 года нават з’явілася інфармацыя http://bobruisk.by/news/city/48106.html, у якой гаварылася, што паніжэнне тэмпературы ў будынках звязанае з паломкай катла. “У сувязі з гэтым камісіяй было прынятае аператыўнае рашэнне аб перападключэнні гэтых аб’ектаў да гарадскіх цепласетак. Сітуацыя знаходзіцца пад кантролем гарадскіх уладаў. Па словах дырэктара прадпрыемства цеплаэнергетыкі В.Аўдзевіча, тэмпературны рэжым у дамах будзе ўзноўлены да канца дня 21 снежня”, - гаварылася ў афіцыйнай інфармацыі. 

З тых часоў прайшоў амаль месяц, а ў кватэрах бабруйчан цяплей не стала.

Жыхары інтэрната № 17 кажуць, што даволі часта ў будынак завітваюць камунальнікі, робяць замеры, і на гэтым усё. Батарэі на вобмацак застаюцца “летнімі”, у пакоях вельмі халодна.

-Нам зрабілі пераразлік па аплаце за цяпло, і ён таксама здзівіў. Нягледзячы на тое, што ў мяне тэмпература ніжэй, чым у суседзяў у два разы, мне налічылі 9 тысяч, а ім па 3 тысячы. Але самае горшае, што на дадзены момант спадзеваў на паляпшэнне сітуацыі няма. Нядаўна ў нас прайшоў адкрыты сход, з удзелам адказных асобаў і жыхароў дома, і нам паведамілі, што рабочыя не могуць зараз падлучыць нас да гарадскіх цепласетак, бо трэба капаць, а зямля мерзлая. Сказалі, трэба чакаць да сакавіка, а наперадзе самыя моцныя маразы. Паабяцалі, што калі будзе больш за 10 градусаў мароза, будзе пушчана “аварыйнае цяпло”, але пакуль яго не пускалі, хаця тэмпература нават большай была. Куды ўжо звяртацца, я не ведаю, відавочна, што нашыя праблемы чыноўнікаў не цікавяць. Калі б нашыя скаргі былі пачутыя яшчэ некалькі год таму, да такога не дайшло б, - сумна уздыхае Людміла Баева.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства