Палітвязень Аляксандр Францкевіч змешчаны ў штрафны ізалятар
Пра гэта Рацыі паведаміла маці зняволенага анархіста Таццяна Францкевіч. За што пакараны палітвязень і на які тэрмін ён змешчаны ў ізалятар, яна не ведае, але не выключае, што гэта звязана са спробай з боку адміністрацыі калоніі падарваць маральны дух яе сына:
- Я даведалася, што Сашу пасадзілі ў СІЗА. Наколькі сутак, за што - невядома. Буду чакаць тэлефанавання ад сына, тады будзе вядома, што ды як. Мяркуючы па тым, што зараз на ўсіх пачынаюць ціснуць, можа быць не на ўсіх, але на некаторых хлопцаў, на таго ж Дзядка ідзе ціск, на Статкевіча, на Бяляцкага. Я мяркую, што яны хочуць маральна зламаць іх.
У маі мінулага года Аляксандр Францкевіч быў асуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі. Ён адбывае пакаранне ў Івацэвіцкай калоніі ўзмоцненага рэжыму “Воўчыя норы”. Праваабаронцы прызналі Францкевіча палітычным зняволеным і патрабуюць яго неадкладнага вызвалення.