Магілёў: арганізатарка страйку прадпрымальнікаў у судзе перамагла гандлёвы цэнтр «Прэстан»
Паводле рашэння Магілёўскага абласнога гаспадарчага суду, кіраўніцтва гандлёвага цэнтру «Прэстан» мусіць заключыць з прадпрымальніцай Людмілай Крыловіч дамову арэнды і прадаставіць ёй тое самае месца, адкуль яе каля году назад выжыла.
Такое рашэння прыняла 16 лістапада суддзя Богуш. Яна цалкам задаволіла пазоў прадпрымальніцы, якая цягам году змагалася з кіраўцітвам «Прэстана», і здолела з дапамогай праваабаронцы Барыса Бухеля абараніць свае правы.
«Цэлы год змагалася з бязмежжам кіраўніцтва “Прэстана”, на якое чыноўнікі заплюшчвалі вочы. Гэты год шмат чаму мяне навучыў. Я зразумела, што трэба быць вельмі юрыдычна граматным чалавекам, каб выжыць у цяперашніх умовах. Уласнік «Прэстана», на маю думку, зрабіў прадпрымальнікаў, якія арэндуюць у яго гандлёвыя месцы, фактычна прыгоннымі. Дырэктар Васіль Пашурын тварыў дагэтуль бязмежжа, аднак аб мяне яго каса зламалася», - кажа Людміла Крыловіч.
Барыс Бухель адзначае, што цалкам задаволены рашэннем суда.
«Законных падставаў не працягваць дамову арэнды з Людмілай Крыловіч ва ўласніка гандлёвага цэнтру «Прэстан» не было. Ён гэта зрабіў па ўласнаму жаданню, пераследуючы яе за арганізацыю калектыўных дзеянняў прадпрымальнікаў у абарону сваіх правоў. Ён хацеў, каб побач не было чалавека, які бы мог перашкодзіць у рэалізацыі сваіх уласных планаў без ўліку інтарэсаў гандляроў, якія арэндуюць там гандлёвыя плошчы. Думаю, што гэта будзе і для яго, і для уладальнікаў “Прэстана” добрай навукай і станоўчага прыкладам для іншых прадпрымальнікаў у пытанні абароны сваіх правоў праз суд», - кажа Барыс Бухель.
Нагадаем, што з Людмілай Крыловіч не працягнулі дамову на арэнду плошчы ў гандлёвым цэнтры “Прэстан”. У жніўні мінулага году на жаданне ўласніка будынка закрыць яго на рамонт і пазбавіць усіх прадпрымальнікаў працоўных месцаў жанчына арганізавала калектыўныя дзеянні прадпрымальнікаў у абарону сваіх правоў і не дазволіла выкінуць іх усіх на вуліцу. Інфармацыя пра гэта выйшла за межы цэнтра і дайшла да ўладаў, якія, нарэшце, былі вымушаны ўмяшацца і гарантаваць, што прадпрымальнікі “Прэстана” будуць працаваць і надалей. Аднак 30 лістапада мінулага году Людміла Крыловіч (адзіная з прадпрымальнікаў) атрымала ўведамленне, у якім было сказана, што дамова арэнды з ёй перазаключацца не будзе.