Слонім: мясцовыя вертыкальшчыкі не дапусцілі слонімцаў да міністра
14 лістапада ў Слоніме пабываў міністр аховы здароўя Беларусі Васіль Жарко. Ён планаваў сустрэчу са слонімцамі, каб адказаць на пытанні мясцовых жыхароў і вырашыць іх праблемы па медыцынскім абслугоўванні.
Дзеля гэтага загадзя ў Слонімскім райвыканкаме быў арганізаваны запіс, каб трапіць да міністра. За некалькі дзён да візіту вертыкальшчыкі з райвыканкама і чыноўнікі з раённай бальніцы ператэлефанавалі слонімцам, а многіх нават наведалі, якія запісаліся на прыём да міністра, і прасілі, а ў іншых выпадках патрабавалі, каб яны не ішлі на прыём да міністра, адмовіліся ад свайго запісу, таму што на месцы іх пытанні будуць вырашаны без міністра. Пасля гэтага на прыём да Васіля Жарко трапілі толькі некалькі чалавек.
Адзін са слонімцаў, які ўсё ж трапіў на прыём да міністра, сказаў, што “мясцовыя чыноўнікі баяцца згубіць свае крэслы, таму перастрахоўваюцца”.