viasna on patreon

МАП: сітуацыя з правамі прафсаюзаў у Беларусі становіцца катастрафічнай

2012 2012-11-19T09:20:08+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Сярод прадпрыемстваў, дзе адзначаны факты ўціску, у дакладзе называюцца Мазырскі і Наваполацкі НПЗ, "Беларуськалій", Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў, РУВП "Граніт".

Камітэт па свабодзе аб’яднанняў Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) заявіў пра пагаршэнне сітуацыі з правамі прафсаюзаў у Беларусі. Пра гэта сказана ў дакладзе па выніках пасяджэнняў Адміністрацыйнай рады МАП, якія праходзілі ў Жэневе 1–16 лістапада.

Як паведамляе сайт Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, у дакладзе пералічаныя выпадкі парушэння правоў, ціску і дыскрымінацыі ў адносінах да арганізацый беларускіх незалежных прафсаюзаў, якія ўжо дзейнічаюць або знаходзяцца ў працэсе стварэння. Сярод прадпрыемстваў, дзе адзначаны такія факты, у дакладзе называюцца Мазырскі і Наваполацкі нафтаперапрацоўчыя заводы, «Беларуськалій», Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў, РУВП «Граніт» і іншыя.

Асаблівы непакой Камітэта па свабодзе аб’яднанняў выклікае той факт, што ўрад Беларусі самаўхіліўся ад выканання рэкамендацый МАП, накіраваных на аднаўленне правоў прафсаюзаў у краіне.

Больш за тое, падкрэслена ў дакуменце, у 2012 годзе ўрад нават не палічыў неабходным даць справаздачу камітэту, прадэманстраваўшы тым самым «адсутнасць намераў хоць неяк змяніць сітуацыю», якая, па ацэнцы МАП, становіцца «катастрафічнай».

У 2003 годзе Адміністрацыйны савет МАП пачаў расследаванне ў дачыненні да Беларусі ў сувязі са скаргай незалежных прафсаюзаў на парушэнні ўрадам аснаватворных канвенцый МАП — аб свабодзе асацыяцыі і абароне права на арганізацыю, а таксама аб праве на арганізацыю і вядзенне калектыўных перамоў.

У 2004 годзе камісія па расследаванні МАП пацвердзіла факты парушэнняў правоў працоўных у Беларусі і прыняла 12 рэкамендацый, накіраваных на выпраўленне сітуацыі. Урад Беларусі заявіў аб гатоўнасці іх выканаць, аднак ціск на незалежныя прафсаюзы не спыніўся.

У 2005 года Еўрасаюз ініцыяваў працэс пазбаўлення Беларусі гандлёвых прэферэнцый, каб прымусіць урад краіны спыніць парушэнні правоў прафсаюзаў.

У 2007 годзе рашэнне ЕС аб ​​пазбаўленні гандлёвых прэферэнцый уступіла ў сілу, так як афіцыйны Менск працягваў ігнараваць рэкамэндацыі МАП.

Акрамя гэтага,

Беларусь пяць разоў уносілася ў спецпараграф дакладу штогадовай Міжнароднай канферэнцыі працы як краіна, дзе груба парушаюцца правы незалежных прафсаюзаў.

Беларусь з’яўляецца членам МАП з 1954 года.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства