Случчакі дамагаюцца ад мясцовых уладаў безбар'ерных пешаходных пераходаў
Валанцёры грамадзянскай кампаніі «Наш дом» сабралі больш за
трыста подпісаў случчакоў і звярнуліся ў райвыканкам і да дэпутатаў. Яны
просяць прывесці вышыню бардзюраў у адпаведнасць з будаўнічымі нормамі.
Як распавяла актывістка кампаніі Тамара Блінова, у звароце уладам прапанавана
ўсталяваць паніжальныя бардзюры, якія забяспечваюць камфортны з'езд (сход)
пешаходаў з каляскамі, інвалідаў, пажылых людзей на дзевяці пешаходных
пераходах (прыпынку «Суворава» і «9-я школа», да ўніверсама, да стаматалагічнай
паліклініцы і інш.)
Акрамя таго, случчакі просяць прывесці ў належны выгляд няроўныя паніжальныя
бартавыя камяні на васьмі пешаходных пераходах.
«Высокія бардзюры не толькі дастаўляюць нязручнасці для жыхароў горада, але і
супярэчаць стандартам, устаноўленым нормамі будаўніцтва», - кажа Тамара
Блінова.
Па словах актывісткі кампаніі «Наш дом», 16 кастрычніка яна атрымала адказы ад
дэпутата Палаты прадстаўнікоў Інэсы Кляшчук і старшыні камісіі па пытаннях
эканомікі, бюджэту, вытворчасці і абслугоўвання насельніцтва Слуцкага раённага
савета дэпутатаў Аляксандра Жылко.
Дэпутаты паведамляюць, што рашэнне праблемы не ў іх кампетэнцыі. Яны накіравалі
зварот случчакоў у КУП «Слуцкае ЖКГ».
Адказу ад Слуцкага райвыканкама пакуль няма.