viasna on patreon

Праваабаронца: Бяляцкі, безумоўна, уваходзіў у апошні шорт-ліст “Нобеля”

2012 2012-10-12T15:08:57+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Саша Кулаева, паплечніца Алеся Бяляцкага па Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, распавядае Еўрарадыё пра значэнне прэміі для праваабарончай дзейнасці ў ЕС.

 Алесь Бяляцкі не атрымаў Нобелеўскай прэміі міру. Нарвежскі Нобелеўскі камітэт прысудзіў яе Еўрасаюзу — за міратворчую дзейнасць на аб’яднаным кантыненце. Геапалітычная актыўнасць апынулася важнейшай за праваабарончую. Але Саша Кулаева з Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека лічыць, што ніякай нагоды для смутку ў тых, хто “заўзеў” за Алеся Бяляцкага, няма:

 Саша Кулаева: “Алесь, безумоўна, уваходзіў у апошні шорт-ліст. Яго кандыдатура актыўна абмяркоўвалася і карысталася падтрымкай на самых розных узроўнях! Бо яго кандыдатура прапанаваная нобелеўскімі лаўрэатамі і падтрыманая па ўсім свеце”.

 Цікава, што за вылучэнне Алеся Бяляцкага кандыдатам на Нобелеўскую прэмію міру найбольш актыўна выказваліся палітыкі менавіта з Еўрапейскага саюза. У лютым 2012 года праваабаронцу вылучыла на “Нобеля” прэм’ер-міністр Славакіі Івета Радзічова. Вылучэнне адразу падтрымалі сябры ПАСЕ і дэпутаты літоўскага Сейма. У красавіку Бяляцкі быў афіцыйна зарэгістраваны ў якасці кандыдата.

 “Бяляцкі дайшоў да фінішнай прамой гэтай гонкі за “Нобеля”, яго называлі адным з самых верагодных лаўрэатаў, — працягвае Саша Кулаева. — Няхай сабе ён не атрымаў прэмію. Але прызнанне яго дзейнасці неверагодна шырокае, і якраз гэта важна. Само гэта з’яўляецца сігналам і для ўсяго свету, і для ўрада Беларусі”.

 Са 125 лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі міру толькі трое: нямецкі пацыфіст Карл фон Асецкі (1935), бірманская палітык Аун Сан Су Чжы (1991) і кітайскі праваабаронца Лю Сяабо — у часе ганаравання нобелеўскім медалём знаходзіліся ў зняволенні, як і Алесь Бяляцкі. На думку Сашы Кулаевай, пасля атрымання Нобелеўскай прэміі Еўрасаюз мусіць узмацніць падтрымку праваабаронцаў і зрабіць асаблівы акцэнт на тых з іх, хто зараз знаходзіцца за кратамі.

Саша Кулаева: “Гэта ў першую чаргу вельмі вялікая адказнасць, якая ўскладаецца на Еўрасаюз. Па шэрагу сваіх дакументаў ЕС гарантуе абарону праваабаронцаў. Таму Еўрасаюз мусіць успрымаць гэтую прэмію не як заслужаную ўзнагароду за нешта ўжо дасягнутае, а як надзею і ўпэўненасць у тым, што яго роля ў абароне праваабаронцаў вельмі вялікая, а можа, і мусіць быць павялічаная!”

 Даведка Еўрарадыё. Саша Кулаева — кіраўнік аддзела Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека. Саша добра знаёмая з Алесем Бяляцкім і ўзаемадзейнічае з ім у шматлікіх міжнародных праваабарончых ініцыятывах.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства