Гомельскія грамадзкія актывісты атрымалі лісты ад Алеся Бяляцкага
10 кастрычніка адразу некалькі грамадзкіх актывістаў атрымалі лісты ад Алеся Бяляцкага. Гэта адказы вядомага беларускага праваабаронцы і палітзьняволенага на віншаваньні з Днём народзінаў ад гамельчукоў.
“Дзякуй за віншаваньне. А наконт “пачатку” жыцьця ў 50, штосьці я сумняваюся, але паглядзім, можа ў 60 і пагаджуся. У мяне ўсё збольшага добра, любуюся восеньскім небам. У канцы кастрычніка – сьвята паэзіі ў Гарошкаве, прыязджайце. Можа і пабачымся J. Да сустрэчы, Алесь”. – напісаў Бяляцкі ў лісте Уладзіміру Кацору.
Нагадаем, Алесь Бяляцкі адбывае пакараньне за праваабарончую дзейнасьць у Бабруйскай папраўчай калёніі № 2. Перад Днём народзінаў, калі палітвязень святкаваў свой пяцідзесяцігадовы юбілей, 50 віншавальных паштовак пайшло на яго адрас з Гомельскага рэгіёну. Гомельскія праваабаронцы, грамадзкія ды палітычныя актывісты жадалі палітвязьню Алесю як мага хутчэй выйсьці на волю і далучыцца да праваабарончай дзейнасьці.