Рух «За свабоду» ня можа знайсьці памяшканьне, каб правесьці зьезд
Гатэлі «Crown Plaza» і «Вікторыя», а таксама менскі Міжнародны адукацыйны цэнтар адмовіліся здаць у арэнду памяшканьне, каб рух «За свабоду» правёў сваю справаздачна-выбарчую канфэрэнцыю.
Прадстаўнікі адміністрацыяў згаданых гатэляў сказалі, што
памяшканьні занятыя. А кіраўніцтва Міжнароднага адукацыйнага цэнтру (IBB)
паведаміла, што заснавальнікі, у ліку якіх Менгарвыканкам, прынялі
рашэньне даваць памяшканьні толькі для профільных мерапрыемстваў.
«Нават наяўнасьць афіцыйнай рэгістрацыі няўрадавай арганізацыі не дае
ніякіх перавагаў, калі яна не трапляе ў сьпіс ляяльных. Рэжым робіць
усё магчымае, каб актыўнасьць беларусаў не выходзіла за межы кухні.
Любы збор грамадзянаў, аб’яднаных пэўнай канкрэтнай мэтай, большы
за некалькі дзясяткаў чалавек, успрымаецца як пагроза стабільнасьці
і патэнцыйная небясьпека для ўлады», — адкамэнтаваў адмовы намесьнік
старшыні руху Юрась Губарэвіч.
У справаздачнай канфэрэнцыі плянуецца ўдзел каля 150 дэлегатаў,
паведамляе прэсавая служба руху.