Кніга літаратуразнаўчых артыкулаў Алеся Бяляцкага хутка пабачыць свет
Кніга літаратуразнаўчых артыкулаў Алеся Бяляцкага, якая мела выйсці да юбілею палітзнаволенага старшыні Праваабарончага цэнтра «Вясна» неўзабаве будзе здадзеная ў друк. У час калі Алесь Бяляцкі знаходзіўся за кратамі, падрыхтоўкай выдання займалася яго даўняя сяброўка Паліна Сцепаненка.
– Гэтая кніжка ўжо фактычна падрыхтаваная, аддадзеная ў карэктуру, гэта кніга, якую Алесь сам хацеў выдаць да свайго 50-годдзя, таму што ён вельмі шмат значэння прыдаваў гэтай даце – залатому юбілею. Гэта літаратуразнаўчыя артыкулы, якія ён пісаў, пачынаючы з 1986 года, і апошняе яго эсэ напісанае ўжо ў турме пра беларускую турэмную літаратуру. Ён гэта выводзіць фактычна ў асобны літаратурны накірунак. Гэта літаратуразнаўчае эсэ, крытыка літаратурная, артыкулы па гісторыі беларускай літаратуры. Алесь напісаў, што калі б не стаў праваабаронцам, то быў бы добрым псіхалагічным і гістарычным рэканструктарам. Таксама гэта постаці малавядомых пісьменніках 20-х гадоў, якія ён вывучаў, калі яшчэ вучыўся ў аспірантуры. Пасля ўжо былі ўспаміны пра Анатоля Сыса – паэта ўсіх часоў і народаў, сябра ягонага. Ён узгадвае сваю вучобу і тое, як яны ездзілі ў будатрад. У гэтай кнізе таксама будуць здымкі, якія не друкаваліся, здымкі з будатрада, дзе яны будуюць дамы напачатку 80-х.
- Са спадаром Алесем вы цяпер падтрымліваеце кантакт пры дапамозе ліставання. Пра што ён піша?
– Ліставанне ў нас было вельмі шчыльнае апошнім часам. Бо што тычыцца гэтай кніжкі Алеся, то атрымалася, што мозг знаходзіўся ў турме, а я была яго рукамі, якія знаходзяцца на волі. Адпаведна перапіска ў нас была дзелавая. Мы абмяркоўвалі гэтую кнігу, яе структуру, якія артыкулы ставіць, якія не ставіць, таму што некаторыя былі ў падвойным варыянце. Вось такая была ў нас перапіска. У апошнім лісце ён напісаў, што будзе пісаць рэцэнзію на маю кнігу прозы, якая выйшла. Ён прасіў прабачэння, што пэўны час не зможа пісаць так часта, таму што цяпер у яго шмат віншаванняў і яму трэба адказць на лісты розных людзей.Мы сапраўды праз кожныя 3 дні перапісваліся па ягонай кнізе.
- У значэнні Беларусь, якое месца займае Алесь Бяляцкі?
– У сучаснай Беларусі такіх людзей, на жаль, мала. Мяне неяк запыталі, чаму такая кампанія салідарнасці вакол Бяляцкага? Такога ніколі не было. Мне гэта здаецца натуральным, таму што чалавек сапраўды вельмі шляхетны, інтэлігентны, чалавек, які ніколі не гандляваў сваім сумленнем. Я лічу, што ён сапраўды мог бы быць прэзідэнтам Беларусі, калі б не нарадзіўся ў Карэліі. Да яго заўсёды людзі добра ставіліся, паўсюль, дзе б ён не працаваў, ці гэта быў музей Багдановіча, ці ён быў дэпутатам гарсавета. Ён сумленны чалавек. У свой час ён шмат зрабіў для беларускага касцёла. Таму я думаю, што ён яшчэ і веру ў душы мае, і жыве па хрысціянскіх запаведзях.
- Калі плануецца выхад гэтай кнігі?
– Мы хваляваліся, баяліся што трэба выдаць да юбілея. А гэта ніяк не атрымлівалася, таму што кнігу пачалі рабіць толькі вясной. Мне трэба было аднавіць артыкулы. Праца ў бібліятэках, праца з асабістым архівам Бяляцкага, да якога таксама трэба было атрымаць доступ. Мы не паспелі да юбілея. Толькі цяпер здалі карэктуру. Алесь напісаў, што кніга, як дзіця. Не хвалюйся, што яно затрымаеца на паўтара месяца, яно павінна нарадзіцца, яго нельга прыспешваць. Я думаю, што гэта будзе ў літападзе.
Вядомы беларускі праваабаронца больш за год знаходзіцца ў вязніцы, асуджаны за праваабарончую дзейнасць.