viasna on patreon

Перададзена ў суд справа ў дачыненні да жыхара Жлобіна, які спрабаваў узарваць будынак міліцыі

2012 2012-10-10T11:48:24+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

8 кастрычніка пракуратура Гомельскай вобласці перадала ў суд Жлобінскага раёна для разгляду крымінальную справу ў дачыненні да жыхара Жлобіна, які абвінавачваецца ў спробе ўчынення тэракту. Расследаваннем займаўся Камітэт дзяржбяспекі.

Як раней паведамляў цэнтр інфармацыі і грамадскіх сувязяў КДБ Беларусі, 24 мая прыкладна ў 12.00 супрацоўнікамі МУС на месцы ўчынення злачынства быў затрыманы мужчына, які ў масцы з надпісам на арабскай мове і з ужываннем ёмістасцяў з запальнай сумессю і самаробнай выбуховай прыладай (СВП) магутнасцю прыкладна 5 кг у тратылавым эквіваленце спрабаваў учыніць тэрарыстычныя дзеянні ў дачыненні да супрацоўнікаў падраздзялення міліцыі па месцы іх дыслакацыі ў Жлобіне.

1 чэрвеня затрыманаму было прад’яўлена абвінавачанне ва ўчыненні злачынства, якое кваліфікуецца па ч. 1 арт. 14 і ч. 1 арт. 289 КК (замах на ўчыненне акту тэрарызму).

КДБ таксама паведамляў, што «вынікі неадкладных следчых дзеянняў і апытання пацвердзілі прыхільнасць абвінавачванага ідэям радыкальнага ісламізму. Паводле яго слоў, асноўнай мэтай учынення тэракту было запалохванне насельніцтва і імкненне адпомсціць органам міліцыі».

Следствам у ліку іншых прапрацоўваецца версія, што супрацьпраўныя дзеянні абвінавачванага могуць з’яўляцца зваротнай рэакцыяй на спыненне праваахоўнымі органамі шэрагу каналаў нелегальнай міграцыі з краін з тэрарыстычнай актыўнасцю ў Еўропу і затрыманне асоб, якія маюць дачыненне да іх арганізацыі.

Паводле звестак КДБ, самаробную выбуховую прыладу падрыўнік вырабіў самастойна на аснове інфармацыі, якую ўзяў з інтэрнэт-сайтаў радыкальнай скіраванасці. Абвінавачваны растлумачыў, што СВП для ўзмацнення эфекту паражэння была забяспечаная цвікамі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства