viasna on patreon

Алесь Бяляцкі ўвайшоў у шорт-ліст кандыдатаў на атрыманне Сахараўскай прэміі Еўрапарламента

2012 2012-10-10T08:49:49+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Мінск, 9 кастрычніка. 50-гадовы беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі ўвайшоў у шорт-ліст кандыдатаў на атрыманне прэміі Еўрапарламента імя Сахарава "За свабоду думкі".

Як паведамілі БелаПАН у прэс-службе Еўрапарламента, у тройку кандыдатаў таксама ўвайшлі расійскі панк-гурт Pussy Riot і прадстаўнікі Ірана Насрын Сатудэ (адвакат) і Джафар Панаі (рэжысёр).

Лаўрэат прэміі будзе названы 26 кастрычніка. Ён атрымае прыз у памеры 50 тыс. еўра і будзе запрошаны на цырымонію ўзнагароджання, якая пройдзе 12 снежня ў Страсбургу.

Як раней паведамляў БелаПАН, за вылучэнне Бяляцкага на атрыманне прэміі падпісаліся ініцыятар вылучэння польскі дэпутат Яцэк Сарыуш-Вольскі і яшчэ 82 еўрапарламентарыі.

Прадстаўнікі Беларусі ўжо атрымлівалі Сахараўскую прэмію: у 2004 годзе ёю было ўдастоена грамадскае аб'яднанне "Беларуская асацыяцыя журналістаў", у 2006 годзе — экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч.

Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўнік закрытага беларускімі ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі абвінавачаны ва ўтойванні даходаў у асабліва буйным памеры. У лістападзе 2011 года суд прыгаварыў яго да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Падставай для крымінальнага пераследу праваабаронцы стала наяўнасць у яго рахункаў у банках Літвы і Польшчы. Суд не ўзяў пад увагу той факт, што грошы, якія ішлі на гэтыя рахункі, выкарыстоўваліся для дзейнасці закрытага ў Беларусі праваабарончага цэнтра "Вясна". Таксама суд не ўзяў пад увагу тое, што ўрон, які нібыта нанёс Бяляцкі, быў поўнасцю пагашаны за кошт добраахвотных ахвяраванняў грамадзян.

Арышт Бяляцкага выклікаў шырокі міжнародны рэзананс. Беларускі праваабаронца абвешчаны вязнем сумлення, яго вызвалення патрабуе міжнародная дэмакратычная грамадскасць, кіраўніцтва Еўрасаюза і ЗША.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства