У Барані дыскрэдытуюць незалежных кандыдатаў
У невялікім рабочым гарадку пад Воршай балятуюцца ў саветы розных узроўняў чацьвёра незалежных кандыдатаў. Учора ўначы невядомыя распаўсюдзілі ўлёткі з непраўдзівай і абразьлівай інфармацыяй пра гэтых людзей.
Паводле сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі "Грамада" Віктара Міхасёва, які балятуецца ў Баранскі гарсавет, улёткі зьявіліся на аўтобусных прыпынках і дошках для аб"яваў. Яго самога, а таксама Галіну Мацюшэнку, кандыдатку ў дэпутаты Аршанскага гарсавету, старшыню незалежнага прафсаюзу мэталістаў Васіля Леўчанкава, які балятуецца ў Баранскі гарсавет і ягоную жонку Ганну Леўчанкаву – кандыдатку ў дэпутаты Аршанскага і Баранскага гарсавету – невядомыя аўтары ўлётак называюць "прыслужнікамі заходніх імпэрыялістаў".
Ва ўлётках таксама згаданы Юры Нагорны, дырэктар сярэдняй школы і старшыня мясцовай суполкі ТБМ. Пра яго таксама напісана, што ён "жыве на замежныя грошы".
Паводле Віктара Міхасёва, які бярэ ўдзел у мясцовых выбарах ужо другі раз і цяпер ёсьць дзейным дэпутатам Баранскага гарсавету, у часе мінулае выбарчае кампаніі інфармацыйныя ўлёткі незалежных кандыдатаў толькі зрывалі. Цяпер улёткі не зрываюць, а проста псуюць.
"Каб дыскрэдытаваць Леўчанкава, да прыкладу, вырабілі з гумы адмысловы штамп: нехта падыходзіць і на кожную ягоную ўлётку ставіць пячатку: "БНФ", "БНФ". Вялікімі літарамі. Каб паказаць людзям, што ён з тае самае апазыцыі, якую ў нас тут клянуць некаторыя. А на кожнай улётцы Галіны Мацюшэнкі – я падкрэсьліваю, на кожнай! – нехта піша "Махлярка!". І ў паштовых скрынях зьяўляюцца ўлёткі дзіўнага зьместу, іх дасылаюць тым, хто працуе ў камандах незалежных кандыдатаў. Пра мяне, а прыкладу, напісалі, што я – "агент КДБ". Я мяркую, адмыслова прызначаныя людзі займаюцца гэтай справай!" - адзначыў Радыё Свабодзе сп. Міхасёў.
Зьвяртацца ў міліцыю або ў пракуратуру, каб там пачалі пошук аўтараў паклёпніцкіх улётак ды ініцыятараў іншых абразьлівых дзеяньняў, баранскія дэмакратычныя кандыдаты лічаць немэтазгодным. Яны ня вераць, што дзяржаўныя структуры стануць бараніць іхную годнасьць, і лічаць за лепшае зьнішчаць улёткі з абразамі самастойна.