viasna on patreon

З «Пінскдрэва» звольнілі ініцыятара пратэсту рабочых

2012 2012-08-10T09:43:58+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Дзмітрый Кудранок, які ачоліў пратэст рабочых на прадпрыемстве «Пінскдрэў», звольнены з працы.

9 жніўня спадар Кудранок працаваў апошні дзень на заводзе габляванай шпоны і мэблі, які ўваходзіць у холдынг «Пінскдрэў». У другой палове дня рабочы атрымаў працоўную кніжку, у якой напісана, што ён «звольнены за сістэматычнае невыкананне без паважных прычын працоўных абавязкаў».

Дзмітрый Кудранок перакананы, што яго звольнілі за кіраванне пратэстам рабочых на «Пінскдрэве»:

«Я ведаў, куды ішоў. Але я перакананы, што не прападу з маёй адукацыяй. Праўда, на жаль, у іншай краіне. У сваёй краіне я не патрэбны. Рабочы рух на „Пінскдрэве“ я, канечне, не пакіну, дзе б я ні быў, я буду на сувязі з працоўнымі».

Дзмітрый Кудранок кажа, што пратэст рабочых працягнецца:

«Гэты працэс ужо не спыніць. Прыбраўшы мяне з працы, яны не ўлагодзяць рабочых. Мы ствараем сваю структуру, якая ў пэўны момант з’явіцца. Для кіраўніцтва „Пінскдрэва“ гэта будзе нечаканасцю».

Пратэст на «Пінскдрэве» ўзнік пасля таго, як 17 ліпеня рабочыя атрымалі раздрукоўкі з інфармацыяй пра заробкі, якія палічылі нізкімі. Працоўныя пачалі масава пісаць заявы на выхад з прафсаюзу. Рабочыя-актывісты збіраюць гэтыя заявы і цяпер. На «Пінскдрэве» вырашылі не ісці шляхам працаўнікоў мікашэвіцкага «Граніту». Замест арганізацыі ў незалежны прафсаюз працаўнікі стварылі сваю Рабочую раду, якую і ачоліў Дзмітрый Кудранок.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства