viasna on patreon

Генеральнага пракурора хаваюць ад сустрэчы з грамадзянамі

2012 2012-08-06T13:41:09+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/konyuk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Генеральны пракурор Аляксандр Канюк

Генеральны пракурор Аляксандр Канюк

У Мазыры грамадзяніна з прыватным зваротам на шляху да генпракурора Канюка сустрэў раённы пракурор Сушчынскі. Ён назваўся генпракурорам, паабяцаў вырашыць праблему грамадзяніна, каб толькі той не патрапіў на прыём да чыноўніка вышэйшага рангу.

Гэта гісторыя адбылася ў траўні падчас працоўнага візіта генпракурора Канюка на Мазырскі Нафтаперапрацоўчы завод. Тады дзяржаўныя СМІ адрапартавалі, што сустрэча прайшла ўдала, чыноўнік адказаў на ўсе пытанні грамадзян, якія да яго звярнуліся і яшчэ дадаў, што дзякуючы такім выяздным сустрэчам зваротаў ад грамадзянаў становіцца ўсё меньш.

Праўда, у матэрыялах адзначалася, што на сустрэчу прыйшло ўсяго два чалавекі з шасці, якія папярэдне запісаліся. Чаму астатніх на прыёме не было, мясцовыя журналісты палічылі нецікавым. Але прынамсі адна гісторыя заслугоўвае асаблівай увагі.

Супрацоўнік НПЗ Уладзімір Хмяльніцкі ў той дзень вельмі хацеў патрапіць на прыём да генеральнага пракурора. На мясцовым узроўні дабіцца праўды ў яго не атрымалася. Таму загадзя, як таго патрабуе працэдура, запісаўся. Пытанне, якое яго цікавіла, датычылася махлярства ў буйных памерах. І вось сабраўшы ўсе дакументы, спадар Хмяльніцкі ўжо падыходзіў да месца сустрэчы, але на лесвіцы яго спыніў начальнік Мазырскага РАУС Пётр Зыкун.

Начальнік Мазырскага РАУС Пётр Зыкун

Ён знаёмы з пытаннем, якое хацеў узняцьУладзімір Хмяльніцкі, бо супрацоўнікаў РАУС  ужо прыцягвалі да адказнасці за ўпушчэнні  пры разглядзе скаргаў Хмяльніцкага па прадпісанням пракурора Мазырскага раёна і 6-га ўпраўлення  Гомельскага абласнога  УУС. Начальнік РАУС у размове паабяцаў, што ўсе пытанні, якія хацеў задаць працоўны, у найбліжэйшы час і без удзелу генпракурора будуць вырашаныя. У гэты час да будынку пад’ехала службовая машына, з яе выйшаў чалавек у сіняй пракурорскай форме. Начальнік Мазырскага РАУС прадставіў яго як генеральнага пракурора. Той падыйшоў да грамадзяніна, сказаў, што знаёмы з ягонай справай і ўсё разгледжана ў адпаведнасці з законам. Пазней спадару Хмяльніцкаму патэлефанаваў кансультант сапраўднага генпракурора і спытаў, чаму грамадзянін не з’явіўся на прыём. Уладзімір Хмяльніцкі распавёў пра сустрэчу з нібыта генеральным пракурорам, але стала зразумела, што той чалавек быў падстаўным. Як пасля высветлілася, у ролі генеральнага пракурора “выступаў” пракурор Мазырскага раёна Вадзім Сушчынскі. Гэты спекталь быў разыграны, каб грамадзянін не патрапіў на прыём да чыноўніка вышэйшага рангу.

Пракурор Мазырскага раёна Вадзім Сушчынскі

Пазней Уладзімір Хмяльніцкі пісьмова звярнуўся са сваёй праблемай ў Генеральную пракуратуру. Ягоная заява была накіравана на разгляд у мясцовыя праваахоўчыя органы. Па сутнасці, да тых самых чыноўнікаў, якія зрабілі ўсё магчымае, каб не дапусціць грамадзяніна на сустрэчу з генеральным пракурорам Аляксандрам Канюком. Зараз спадар Хмяльніцкі дадаткова звярнуўся ў Следчы камітэт з просьбай разгледзець скаргу.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства