viasna on patreon

На сябраў БАЖ склалі адміністрацыйныя пратаколы

2012 2012-07-06T08:47:06+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Праз 10 дзён пасля затрымання пад час здымак пахавання пілота ў Лідзе журналістаў Андрэя Фралова і Міколу Дзятчэню абвінавацілі ў працы без акрэдытацыі.

4 ліпеня Міколу Дзятчэню выклікаў участковы ў аддзяленне міліцыі па месцы жыхарства. Там Дзятчэню ўручылі копіі пратаколаў, складзеных на яго і на Андрэя Фралова 25 чэрвеня супрацоўнікам унутраных справаў Валерыем Трусавым у Лідзе.

Справа тычылася затрымання абодвух сябраў БАЖ 15 чэрвеня ў Лідзе, падчас здымак цырымоніі пахавання пілота Мікалая Грыднёва. Тады Фралова і Дзятчэню пратрымалі каля 3 гадзін у аддзяленні міліцыі і адпусцілі без складання пратаколу.

Цяпер іх абвінавачваюць у парушэнні п. 2.3 артыкула 34 закона "Аб сродках масавай інфармацыі"

("Арт. 34. Статус журналіста сродка масавай інфармацыі

2. У сувязі з ажыццяўленнем прафесійных абавязкаў журналіст сродка масавай інфармацыі мае права:

2.3. ажыццяўляцць пры наяўнасці акрэдытацыі альбо па ўзгадненні з фізічнымі альбо юрыдычнымі асобамі ў дачыненні да гэтых асобаў запісы, у тым ліку з выкарыстаннем сродкаў аўдыёвізуальнай тэхнікі, кіна- і фотаздымак, калі іншае не прадугледжана заканадаўствам Рэспублікі Беларусь").

Таксама ў пратаколе значыцца, што адказнасць за дадзенае парушэнне прадугледжана часткай 2 артыкула 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях.

 

Намеснік старшыні ГА БАЖ” Андрэй Бастунец, каментуючы гэтыя падзеі, звярнуў увагу на два моманты.

“Першае. Супрацоўнікі міліцыі ўказваюць на тое, што журналісты выйшлі за межы сваіх правоў, ажыццяўляючы здымкі без акрэдытацыі альбо ўзгаднення з асобамі, у дачыненні да якіх яны праводзіліся. Аднак гэтае правіла не распаўсюджваецца на выпадкі вядзення аўдыё- і відэазапісу, кіна- і фотаздымак у месцах, адкрытых для масавага наведвання (п.4.8. арт. 24 Закона аб СМІ). Наколькі я ведаю, урачыстае развітанне з загінулым лётчыкам праходзіла адкрыта, людзі свабодна дапускаліся на тэрыторыю воінскай часткі на гэтую цырымонію.

Другое. Спасылка на п.2. арт. 22.9 КаАП у пратаколе недарэчная ў любым выпадку. Гэты пункт вызначае адказнасць за парушэнне парадку рассылкі абавязковых бясплатных асобнікаў перыядычных выданняў, распаўсюду эратычных выданняў, апублікавання сродкам масавай інфармацыі абвяржэнняў, а таксама за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМ.

Верагодна, журналістаў абвінавачваюць у незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ (адзначу, што закон патрабуе ўдзелу правапарушальніка ў вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ). Аднак у адпаведнасці з п.15 арт. 1 Закана аб СМІ «прадукцыя сродка масавай інфармацыі» - гэта наклад (частка накладу) асобнага нумару друкаванага СМІ, асобны выпуск радыё-, тэле-, відэа-, кінахранікальнай праграмы, наклад альбо частка накладу аўдыё- альбо відэапраграмы (пры гэтым  пад, напрыклад, тэлевізійнай альбо радыёпраграмай закон мае на ўвазе адпаведны СМІ з пастаяннай назвай і перядычным характарам выхаду ў эфір). Вырабляюць прадукцыю СМІ не журналісты, а юрыдычныя асобы, на якіх ускладзены функцыі рэдакцыі СМІ (п.26 арт. 1 Закона аб  СМІ). Журналісты ж ажыццяўляюць рэдагаванне і стварэнне (падрыхтоўку) інфармацыйных паведамленняў і матэрыялаў для рэдакцый (п.7 арт. 1 Закона аб СМІ).

З гэтага вынікае, што да журналістаў п.2 арт. 22.9 КаАП непрымяняльны.”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства