Адміністрацыйны працэс над святаром расцягваецца
22 чэрвеня ў Гародні быў працягнуты суд над святаром Мікалаем Гайдуком, якога вінавацяць у непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі пры патрабаванні прайсці дактыласкапічную рэгістрацыю. Нагадаем, што працэс пачаўся яшчэ 12-га чэрвеня, але быў перанесены. На гэты раз у суд Ленінскага раёну з’явіліся абодва сведкі з боку міліцыі – капітан Тадэвуш Мацюкевіч і ўчастковы інспектар Пётр Друць. Судовае паседжанне пачалося ў 14.15 і з перапынкамі расцягнулася да паловы шостай вечара. На ім прысутнічалі больш за 80 чалавек – праваслаўныя вернікі, журналісты, праваабаронцы. Фатаграфаваць і рабіць відэа было забаронена – за гэтым сачылі не толькі міліцыянты, але і людзі ў цывільным.
Мікалай Гайдук у пачатку паседжання заявіў суддзі адвод. На яго думку, Ксенія Стасюкевіч не мела права забяспечваць доступ прадстаўнікоў міліцыі да матэрыялаў справы пасля таго, як працэс быў адкладзены, і не можа забяспечыць аб’ектыўнасць разгляду справы. У матэрыялах справы за гэты час з’явіліся новыя дакументы. Гайдук таксама апеляваў да таго, што суддзя неналежна аформіла позвы міліцыянтам у суд і беспадстаўна перанесла разгляд справы, паколькі адзін са сведкаў Пётр Друць прысутнічаў 12-га чэрвеня ў зале суду. Суддзя пасля непрацяглага перапынку хадайніцтва адхіліла. Самому Мікалаю Гайдуку 13-га чэрвеня тэлефанавалі з міліцыі і прапаноўвалі прыйсці, каб залагодзіць сітуацыю. Без афіцыйнай позвы ісці ў міліцыю святар адмовіўся.
У пятніцу суддзя дапытала Мікалая Гайдука і абодвух сведкаў. Мікалай Гайдук патлумачыў, што ён не спяшаўся здаваць адбіткі пальцаў паводле трох прычынаў: ён не давяраў тэлефонным званкам, быў заняты на царкоўнай службе і чакаў афіцыйнага рашэння кіраўніцтва епархіі ў пытанні дактыласкапічнай рэгістрацыі. Абвінавачаны рэзонна даводзіў суду, што на яго не мелі ніякага права складаць пратакол пра адміністрацыйнае правапарушэнне, паколькі міліцыянты абавязаны былі сустрэцца з ім асабіста і апытаць. А Тадэвуш Мацюкевіч запісаў у пратаколе, што святар адмовіўся падпісваць яго, хоць пратакол складаўся без прысутнасці Мікалая Гайдука. Навідавоку выразнае парушэнне заканадаўства.
Урэшце суддзя Ксенія Стасюкевіч пастанавіла накіраваць пратакол, які быў складзены завочна, на дапрацоўку. У пратаколе міліцыянтаў не быў зафіксаваны час здзяйснення правапарушэння, да ўсяго міліцыянты даслалі на хатні адрас Мікалая Гайдука для азнаямлення копію пратакола звычайным лістом, і ў справе няма пацвярджэння, што святар з ім азнаёміўся.