У вывучэнні матэрыялаў крымінальных спраў Следчаму камітэту перашкаджае ... адсутнасць электрычнасці
У ходзе маніторынгу ўмоў утрымання ў турмах і калоніях
Беларусі ў ПЦ "Вясна" трапіў цікавы дакумент.
На
паступіўшую ад зняволенага заяву аб правядзенні праверкі ў сувязі з прапажай
гадзінніка, які з'яўляецца рэчавым доказам па крымінальнай справе, начальнік
Фрунзенскага (г. Менска) раённага аддзела Следчага камітэта Д.Л.Шаман адказвае: «Паведамляем, што раней па Вашай заяве,
датычнай прапажы,
на Ваш погляд, наручнага гадзінніка <...> кіраўніцтвам аддзела
праводзілася службовая праверка. <...>
Для аб'ектыўнага разгляду Вашай паўторнай заявы паўстала неабходнасць вывучыць
матэрыялы <...> крымінальнай справы, якая знаходзіцца ў судзе
Фрунзенскага р-на г. Менска. Разам
з тым, вывучыць матэрыялы крымінальнай справы не прадставілася магчымым у
сувязі з рамонтам, які праводзяцца ў будынку суда Фрунзенскага р-на г. Менска і
адсутнасцю электрычнасці ў архіве».
Нагадаем,
што з 1 студзеня 2012 года ў сувязі са стварэннем Следчага камітэта ўступілі ў
сілу змены ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс, у адпаведнасці з якімі прыняцце
рашэнняў па заявах або паведамленнях пра злачынствы, учыненыя службовымі
асобамі пракуратуры, Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, органаў унутраных спраў,
дзяржаўнай бяспекі, фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю
Рэспублікі Беларусь у сувязі з іх службовай ці прафесійнай дзейнасцю, адносіцца
да выключнай кампетэнцыі органаў папярэдняга следства ў адпаведнасці з іх
падследнасцю.
Іншым
словамі, праверку па заяве пра здзяйсненне супрацоўнікам органаў унутраных
спраў або Следчага камітэта злачынства праводзяць следчыя Следчага камітэта,
яны ж прымаюць рашэнне аб узбуджэнні крымінальнай справы або аб адмове ва
ўзбуджэнні. Раней
такім правам была надзеленая пракуратура, і гэта давала надзею на тое, што пры
праверцы і прыняцці рашэння аб узбуджэнні крымінальнай справы ведамасныя
інтарэсы не будуць мець вызначальнай ролі.