На будоўлях да “Дажынак” - халатнасць і безадказнасць
За апошнія месяцы на будоўлях, якія вядуцца да “Дажынак” у Горках, адбылося сем няшчасных выпадкаў, двое з якіх - цяжкія. Начальнік Горацкай міжраённай інспекцыі аховы працы Уладзімір Дзюрыч лічыць, што прыйшоў час біць ва ўсе званы, паведамляе раённая газета “Горацкі веснік”.
Па словах Уладзіміра Дзюрыча, на будоўлях квітнее халатнасць і безадказнасць. Няма таго аб’екта, дзе б не было парушэнняў правілаў бяспекі. Паўсюдна людзі працуюць без спецвопраткі, ахоўных касак, страховачных пасаў, бетоншчыкі з піламі - без акуляраў і ботаў. “Але самае дзіўнае — шасцімятровай вышыні лясы стаяць, выбачайце, на слове гонару: дзвюх цаглінах і без якога-небудзь мацавання да сценаў. Калі працоўныя па іх ходзяць, яны разгойдваюцца нібы арэлі. І гэта на вачах і з дазволу начальнікаў, якія нясуць за іх персанальную адказнасць”, - кажа Уладзімір Дзюрыч.
Улады Магілёўскай вобласці рызыкуюць жыццямі людзей дзеля “паказухі” – каб дагадзіць высокаму кіраўніцтву, своечасова падрыхтаваўшы “Дажынкі”. Будаўнікі з арганізацый розных раёнаў Магілёўскай вобласці, занятыя на гэтых працах, распавядаюць, што на іх абурэнні з прычыны незабеспячэння неабходных нормаў бяспекі падчас будаўнічых работ, кіраўнікі не звяртаюць ніякай увагі.
“На ўсе заўвагі заўсёды чуеш адзін адказ – “ не падабаецца – звальняйся”. А сям’ю ж карміць трэба, у Расію я ўжо наездзіўся. Таму вымушаныя маўчаць”, - кажа адзін з будаўнікоў.