Сёння дзень народзінаў адзначае Аун Сан Су Чжы
19 чэрвеня нарадзілася адна з самых вядомых у свеце дысідэнтаў, лаўрэатка Нобелеўскай прэміі міру 1991 года – лідэр дэмакратычнай грамадскасці Бірмы Аун Сан Су Чжы (Aung San Suu Kyi).
Аун Сан Су Чжы з'яўляецца ўплывовай абаронцай правоў і свабоды ў Бірме - краіне, дзе з 1962 года ва ўладзе знаходзіцца ваенны ўрад. Яна нарадзілася ў Рангуне, сталіцы Бірмы, а адукацыю атрымала ў Оксфардскім універсітэце. Актыўную дзейнасць у палітычнай сферы пачала ў 1988 годзе, калі бірманская хунта гвалтам падавіла масавае народнае паўстанне, забіўшы тысячы грамадзянаў. Су Чжы напісала адкрыты ліст да ўрада з просьбай сфармаваць незалежны камітэт для правядзення дэмакратычных выбараў. Грэбуючы забаронай ўрада на сходы колькасцю больш за чатыры чалавекі, яна выступала перад вялікімі аўдыторыямі па ўсёй Бірме ў якасці Генеральнага сакратара нядаўна сфармаванай Нацыянальнай лігі за дэмакратыю.
Улады, занепакоеныя ростам папулярнасці жанчыны-палітыка, у 1989 годзе змясцілі яе пад хатні арышт. У тым жа годзе Бірма была перайменаваная ў М'янму, а яе сталіца Рангуне - у Янгон. Нягледзячы на ўтрыманне пад арыштам лідэра партыі, Нацыянальная ліга за дэмакратыю ў 1990-м годзе перамагла на выбарах, атрымаўшы 82% месцаў у парламенце, але ваенная дыктатура адмовілася прызнаць вынікі выбараў. Тым часам дзейнасць Су Чжы знайшла прызнанне за мяжой. За дасягненні ў барацьбе за дэмакратыю і правы чалавека ў 1990 годзе яна стала лаўрэатам прэмій у галіне правоў чалавека імя Торалфа Рафта і Андрэя Сахарава, а на наступны год - лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру. Але атрымаць гэтую прэстыжную ўзнагароду не змагла, паколькі вельмі працяглы час знаходзілася ў зняволенні.
Так, у 1995 годзе пасля перамоваў з прадстаўнікамі хунты Су Чжы была выпушчаная з-пад хатняга
арышту і працягнула палітычную дзейнасць. Яна
не скарысталася магчымасцю
пакінуць краіну, асцерагаючыся,
што кіруючы рэжым
не дазволіць ёй вярнуцца на
радзіму. Папулярнасць Су Чжы ў краіне і за мяжой расла,
і ў 2000 годзе ўлады вярнулі яе пад хатні
арышт. Чарговае вызваленне
адбылося двума гадамі
пазней, аднак у
2003 годзе аўтакартэж лідэра
Нацыянальнай лігі за дэмакратыю падвергнуўся
нападу праўрадавых баевікоў, а сама Су
Чжы ізноў апынулася
пад хатнім арыштам. Увосень
2007 года ў Бірме пачаліся масавыя народныя
хваляванні. Пад ціскам
ААН і міжнароднай супольнасці ўлады пайшлі на
перамовы са Су Чжы, але пасля адмовіліся
ад іх, спаслаўшыся на непадатлівасць лідэра апазіцыі.
У траўні 2008 года ў Бірме адбыўся рэферэндум,
на якім была зацверджана новая канстытуцыя краіны.
Аднак улады не далі Су Чжы прыняць удзел у абмеркаванні, а
таксама забаранілі ёй займаць любыя дзяржаўныя
пасады. Неўзабаве пасля рэферэндуму лідэру
апазіцыі быў падоўжаны на год тэрмін хатняга
арышту. Яшчэ праз год, у траўні 2009-га, Су Чжы была абвінавачаная ў парушэнні
правілаў арышту. У выніку суду дысідентцы пагражала 5 гадоў турмы. У жніўні
2009 года яе асудзілі на тры гады
папраўчых работ, аднак кіраўнік хунты Тан Швэ спецыяльным рашэннем замяніў гэта
пакаранне на 18 месяцаў хатняга арышту. Тым не менш, у лістападзе 2010 года,
неўзабаве пасля парламенцкіх выбараў у Бірме, Су Чжы была вызваленая.
І сёлета, у красавіку, Нацыянальная ліга за дэмакратыю, прыняўшы ўдзел у
давыбарах у парламент, атрымала 43 з 45 вакантных дэпутацкіх месцаў у
заканадаўчым органе. 2 траўня 2012 года, прынёсшы прысягу, Аун Сан Су Чжы стала
дэпутатам ніжняй палаты парламента Бірмы. І гэта павялічвае яе шансы на ўдзел у
прэзідэнцкіх выбарах 2015 года.
А напярэдадні свайго дня народзінаў, 16 чэрвеня - праз 21 год! - заўзятая змагарка за дэмакратычныя свабоды і правы чалавека атрымала на цырымоніі ў Осла Нобелеўскую прэмію міру.
Ва ўрачыстай прамове Аун Сан Су Чжы падзялілася сваімі перажываннямі: «Часта падчас хатняга арышту я адчувала, што
больш не з'яўляюся часткай свету ... Прэмія дала мне магчымасць зноў адчуць
рэальнасць, апынуцца сярод людзей, прарваць ізаляцыю. Я зразумела ўсю важнасць
Нобелеўскай прэміі - яна прыцягнула ўвагу свету да барацьбы за дэмакратыю і за
правы чалавека ў Бірме. Нашая краіна не будзе забытая».
Нобелеўская лаўрэатка падчас цырымоніі заклікала сусветную грамадскасць
працягнуць барацьбу за вызваленне палітычных зняволеных у Бірме. Але, як
паказала нядаўняя гісторыя, яна неабыякавая і да лёсу палітвязняў з іншых
таталітарных краінаў. Пасля арышту кіраўніка ПЦ “Вясна” і віцэ-прэзідэнта
Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека Алеся Бяляцкага Аун Сан Су Чжы ў
кастрычніку 2011 года далучылася да міжнароднай кампаніі ў
абарону пераследуемага ўладамі беларускага праваабаронцы.
"Дарагі Алесь,спадзяюся, ты зусім-зусім хутка выйдзеш на волю і
апынешся сярод тваіх родных і сяброў, якіх у цябе вялікая колькасць ва ўсім
свеце”, - пісала яна словы салідарнасці Алесю
Бяляцкаму, які на той момант знаходзіўся ў менскім СІЗА.
Пасля яны – лаўрэатка і неаднаразовы намінант Нобелеўскай прэміі міру, якія за сваю самаадданую праваабарончую дзейнасць спазналі долю палітвязняў – сустрэліся, так бы мовіць, завочна на Форуме Свабоды, які праходзіў сёлета ў траўні ў Осла. Падчас Форуму прагучаў даклад Нарвежскага Хельсінкскага камітэта па справе Алеся Бяляцкага. А ўвечары таго ж дня адбылася цырымонія ўзнагароджання першай Прэміяй Вацлава Гавела. Сярод трох лаўрэатаў прэміі ўзнагароду атрымала і Аун Сан Су Чжы.
Будзем вельмі спадзявацца, што асабістая сустрэча гэтых двух выбітных людзей – бірманскай дысідэнткі і беларускага праваабаронцы - наперадзе і не прымусіць сябе доўга чакаць.