viasna on patreon

«Платформа» прадставіла першую справаздачу па маніторынгу месцаў пазбаўлення волі

2012 2012-06-18T17:43:16+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/platforma-presuha.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Удзельнікі прэс-канферэнцыі: Андрэй Бандарэнка, Мікіта Ліхавід, Павел Сапелка. Менск, 18.06.2012. Здымак svaboda.org

Удзельнікі прэс-канферэнцыі: Андрэй Бандарэнка, Мікіта Ліхавід, Павел Сапелка. Менск, 18.06.2012. Здымак svaboda.org

18 чэрвеня Інфармацыйна-асветніцкая установа «Платформа» прэзентавала ў Менску Маніторынгавую справаздачу пра праблемы ў галіне ўмоваў утрымання зняволеных у пенітэнцыярных установах Рэспублікі Беларусь 2011-2012 гг.

Як паведаміў на прэс-канферэнцыі кіраўнік «Платформы» Андрэй Бандарэнка, падставай для гэтага сталі выпадкі паступлення інфармацыі аб фактах парушэння законных правоў зняволеных, якія пачасціліся, і ігнараванне нагляднымі органамі скаргаў на парушэнні адміністрацыямі папраўчых калоній і СІЗА дзеючага заканадаўства.

Паведамленні ўдзельнікаў прэс-канферэнцыі падкрэслілі важнасць намаганняў, што прыкладаюцца праваабаронцамі ў сённяшняй сітуацыі.

«У сітуацыі, калі магчымасці грамадзянскай супольнасці па маніторынгу месцаў пазбаўлення волі не проста абмежаваныя, а зведзены да нуля, асуджаны застаецца практычна бяспраўным і не ў стане даказаць сваю невінаватасць», - цытуе Бандарэнку БелаПАН.

«У мінулым годзе мы паведамлялі пра факты жорсткага абыходжання і збівання зняволеных як мінімум у дзвюх калоніях - у Івацэвічах і Глыбокім. Там вязні збіваліся настолькі жорстка, што іх былі вымушаныя адправіць у грамадзянскія бальніцы на аперацыі. Тым не менш на ўсе нашыя звароты з гэтай нагоды пракуратура адказала, што праведзеная праверка такіх фактаў не ўстанавіла. Тым не менш зняволеныя, якія выходзяць з калоніі, пацвердзілі наяўнасць гэтых збіванняў, а таксама тое, што яны распавядалі правяраючым пра гэтыя факты», - паведаміў дырэктар «Платформы».

Таму, паводле яго слоў, «Платформа» стварыла маніторынгавыя групы, якія збіралі інфармацыю пра ўмовы ўтрымання зняволеных у калоніях са слоў ужо вызваліўшыхся людзей. «Парушэнні практычна паўсюдныя і аднолькавыя. У следчых ізалятарах гэта перанаселенасць камер, у калоніях - жорсткае абыходжанне, ціск на асуджаных з боку адміністрацыі, перашкода ў атрыманні карэспандэнцыі і адпраўцы скаргаў на дзеянні адміністрацыі, незаконнае прымяненне розных спагнанняў і пакаранняў. У штрафных ізалятарах калоній і памяшканнях камернага тыпу - парушэнне санітарна-эпідэміялагічных нормаў і жорсткае абыходжанне».

Юрыст Павел Сапелка, які таксама займаецца праблемай парушэння правоў чалавека ў месцах прымусовага ўтрымання грамадзянаў, падчас сённяшняй прэс-канферэнцыі адзначыў, што аналагічны маніторынг ў 2009 годзе праводзіў Праваабарончы цэнтр "Вясна" сумесна з Міжнароднай федэрацыяй за правы чалавека (FIDH). «Мы бачым, што сітуацыя з правамі зняволеных з тых часоў практычна не змянілася. Парушэнні як былі, так і засталіся », - канстатаваў ён.

Павел Сапелка падкрэсліў, што даследаванне ўмоваў утрымання зняволеных - адзін з крокаў да змены такога становішча ў лепшы бок. «Маніторынг - толькі адзін са складнікаў дзейнасці, як у «Платформы», так і ў «Вясны». Бо мэта абедзвюх арганізацый - не толькі назіранне. Гэта яшчэ і практычныя крокі па паляпшэнні становішча зняволеных. Вядома, нашыя магчымасці абмежаваныя, але яшчэ горш было б маўчаць і нічога не рабіць», - перадае словы юрыста Радыё «Свабода».

Па словах Андрэя Бандарэнка, маніторынг «Платформы» будзе разасланы ў міжнародныя праваабарончыя арганізацыі і іншыя структуры. Акрамя таго, ён будзе перададзены ў амбасады і дыпламатычныя прадстаўніцтвы ў Менску. Некаторыя амбасады, паводле яго слоў, ужо выказалі зацікаўленасць у атрыманні гэтай справаздачы.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства