Як стаць назіральнікам за выбарамі?
Стаць дасведчаным назіральнікам за выбарамі і прайсці навучальны курс у Вільні запрашае актыўных маладых людзей праект «Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка».
Belarus Watch, Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт і Беларускі Дом правоў чалавека ў выгнанні ў Вільні абвяшчаюць прыём заявак на ўдзел у праекце «Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка».
Абраныя ўдзельнікі пройдуць тыднёвы інтэнсіўны навучальны курс ў Вільні, распрацаваны выбітнымі айчыннымі і замежнымі даследчыкамі і палітолагамі. Навучанне складаецца з двух частак. Па паспяховым сканчэнні курса удзельнікі атрымаюць сертыфікат Belarus Watch, а таксама адмысловы сертыфікат ЕГУ.
Пасля першай часткі навучання слухачы курса возьмуць удзел у міжнароднай місіі па назіранні за выбарамі ў адной з еўрапейскіх краін, падчас якой удзельнікі атрымаюць практычны досвед у якасці акрэдытаваных кароткатэрміновых міжнародных назіральнікаў. Мэтанакіраваныя і актыўныя ўдзельнікі будуць запрошаныя на другую частку курса і яшчэ, прынамсі, адну місію па назіранні.
Заявы на ўдзел прымаюцца да 1 ліпеня 2012 г. Заявы дасланыя пасля 23:59, 1 ліпеня разглядацца не будуць. Он-лайн заяву можна запоўніць на http://eotp.info/application.
Умовы адбору і дадатковая інфармацыя на сайце (www.eotp.info) праекту.
Па дадатковую інфармацыю звяртайцеся eotp@eotp.info.