viasna on patreon

Бандарэнка судзіцца з тэлерадыёкампаніяй

2012 2012-06-07T15:30:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

7 чэрвеня ў судзе Першамайскага раёну Менску адбылося папярэдняе пасяджэньне па грамадзянскім пазове праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі да Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі. Наступнае паседжаньне пройдзе 21 чэрвеня.

11 сьнежня 2011 году ў выпуску праграмы «Ў цэнтры ўвагі» тэлеканалу «Беларусь-1» быў прадэманстраваны сюжэт, у якім гаварылася, што Андрэй Бандарэнка «праходзіў па справе аб махлярстве ў асабліва буйным памеры і што ў Андрэя Бандарэнкі маецца нейкая крымінальная мянушка». Андрэй Бандарэнка лічыць, што гэтая інфармацыя зьневажае і абражае яго як грамадзяніна і ганіць ягоную дзелавую рэпутацыю як дырэктара «Плятформы».

Андрэй Бандарэнка просіць абавязаць тэлерадыёкампанію абвергнуць зьвесткі, якія ганяць гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыю, у чарговай нядзельнай перадачы «Ў цэнтры ўвагі», разьмясьціўшы ў ёй рашэньне суду па гэтай справе, якое ўступіла ў законную сілу, і спагнаць з адказчыкаў кампэнсацыю маральнай шкоды ў памеры аднаго мільёна рублёў.

Андрэй Бандарэнка распавёў карэспандэнту «Свабоды» пра вынікі сёньняшняй папярэдняй сустрэчы ў судзе з прадстаўніком адказчыка:

«Уражаньне вельмі добрае. Таго, чаго хацелі, мы дасягнулі.

Я крыху зьдзіўлены пазыцыяй прадстаўніка Белтэлерадыёкампаніі, які кажа, што ня бачыць нічога зьневажальнага ў тым, што некага называюць «дэпутатам». Пры гэтым ён тактоўна прамаўчаў, што гэта слова згадваецца ў словазлучэньні «ён ужо праходзіў турэмную школу, дзе атрымаў ад сукамэрнікаў мянушку „дэпутат“.

Я патлумачыў прадстаўніку Белтэлерадыёкампаніі, што ў мяне ёсьць сабака, які мае мянушку. А асабіста ў мяне ёсьць пашпарт, дзе ён можа пазнаёміцца з тым, як мяне завуць. І там няма графы „мянушка“.

Цікава, што на запыт суду Белтэлерадыёкампанія прадставіла ўрэзаны варыянт тэлесюжэту, выразаўшы адтуль тыя моманты, на якія мы спасылаемся ў пазове. У прыватнасьці, што я нібыта праходзіў па справе аб махлярстве. Хоць усім выдатна вядома, што гэтая справа прызнаная неіснуючай і я поўнасьцю апраўданы, што пацьверджана судом.

У мяне склалася ўражаньне, што Белтэлерадыёкампанія ўсё цудоўна разумее, але стараецца захаваць гонар мундзіра. На маё хадайніцтва выклікаць у суд аўтара гэтай праграмы прадстаўнік Белтэлерадыёкампаніі сказаў, што ўстанавіць яго не ўяўляецца магчымым, бо аўтар праграмы звольніўся з БТ».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства