viasna on patreon

Рада інтэлігенцыі абмеркавала пытанні выбараў з актывістамі Светлагорску

2012 2012-06-08T17:18:19+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dajneka-siargej.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праблемы ўдзелу ў выбарах 2012 года ў Палату прадстаўнікоў абмеркавалі ў Светлагорску прадстаўнікі Рады беларускай інтэлігенцыі і мясцовыя палітычныя актывісты. На сустрэчы прысутнічалі госці з Датскага Хельсінкскага камітэту за правы чалавека, якія падзяліліся сваімі меркаваннямі на гэтую тэму. Гутарка атрымалася актыўнай і зацікаўленай.

У сустрэчы бралі ўдзел мясцовыя актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Партыі БНф, партыі “Справядлівы свет” і грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду!”. Адкрываючы сустрэчу, мясцовы прадстаўнік Рады беларускай інтэлігенцыі Тэльман Маслюкоў сказаў, што падобныя абмеркаванні ў рэгіёнах праводзяцца з мэтай асэнсаваць становішча ў беларускіх дэмакратычных сілах напярэдадні выбараў.

Грунтоўны выступ зрабіў кіраўнік Рады беларускай інтэлігенцыі Уладзімір Колас (Мінск). На яго думку, як і на шматлікіх ранейшых выбарах, беларускім апазіцыйным сілам, асабліва на цэнтральным узроўні, не хапае волі да адзінства, агульнай стратэгіі дзеянняў і ясных для выбаршчыкаў мэтаў. Ул. Колас прапанаваў прысутным актывістам шчыра выказацца пра іх бачанне сітуацыі.

Выказаліся ўсе прысутныя, хоць часам даходзіла да ўзаемнай крытыкі паміж прыхільнікамі розных плыняў. Шмат гаварылася аб адсутнасці умоваў для свабоднай канкурэнцыі на выбарах, аб праблемах назірання за ходам галасавання. І зноў прысутныя вярталіся да пытання: ці трэба ўдзельнічаць у такіх выбарах? Сур’ёзныя разважанні выклаў кіраўнік Светлагорскай раённай арганізацыі партыі “Справядлівы свет” Сяргей Дайнека, які адзначыў, што на мясцовых узроўні практычна адсутнічаюць якія-небудзь супярэчанні паміж актывістамі розных партый, і яны гатовыя да агульных дзеянняў.

Па прапанове Т. Маслюкова сваімі меркаваннямі падзяліліся і госці з Даніі, прыводзячы ў прыклад досвед іншых краін, дзе раней існавала падобная на беларускую палітычная сітуацыя.

Падагульняючы вынікі сустрэчы, яе ўдзельнікі выказаліся за тое, каб звярнуцца да кіраўніцтва сваіх партый з заклікам да больш узгодненай перадвыбарчай стратэгіі.

 

___________________

Подпісы да здымкаў.

  1. Выступае Уладзімір Колас.
  2. Сяргей Дайнека: на мясцовым узроўні супярэчнасцей няма.
  3. Прадстаўнік Датскага Хельсінкскага камітэта Эрык Мерлінг прыводзіў у прыклад досвед іншых краін.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства