Горадня: сем прысудаў за адзін дзень
У судзе Ленінскага раёну Горадні 6 чэрвеня адбыліся суды над васьмю ўдзельнікамі несанкцыянаванага пікета супраць расейскамоўных клясаў у школе з польскай мовай навучаньня. Прысуды вынесены сямі ўдзельнікам, яшчэ адно рашэньне павінны абвясьціць заўтра.
Суды над удзельнікамі пікету
ў абарону польскай школы адбываліся сёньня безь перапынку на абед.
Журналістаў і тых, хто хацеў прысутнічаць у залі суду, міліцыянты
не ўпусьцілі ў будынак, спасылаючыся на забарону «зьверху».
Вось выходзіць з будынка суду 65-гадовая пэнсіянэрка, інвалід другой групы
Генрыка Стрэмалкоўска, разгубленая і зьдзіўленая. Кажа, што
пакаралі штрафам у 17 базавых велічынь — гэта 1 мільён 700
тысяч рублёў. Спадарыня ў адчаі, бо не атрымлівае такой пэнсіі.
Стрэмалкоўска: «Ну што тут можна сказаць? Крыўдна мне за дзяржаву,
за гэтыя іх штампы. На відэа нічога не пацьвердзілася, што
я выкрыквала лёзунгі, нават няма месца, дзе б я рот адкрыла.
А згодна зь іх пратаколамі, я і арганізоўвала,
і групы нейкія зьбірала, я яшчэ біла міліцыянтаў... Усё,
як у байцы Крылова: «У сильного всегда бессильный виноват...»
А вось пэнсіянэрка Станіслава Цівунчык. Ёй цяжка ўжо стаяць
на нагах. Яна атрымала штраф у 20 базавых велічынь. Найбольш
яе ўразіла, як маладыя людзі ў цывільным забіралі
яе ў аўтобус.
Цівунчык: «Адзін запыніў мяне, недзе стаяў побач і крыкнуў на мяне,
маўляў, куды вы! Я не пасьпела сказаць, а мяне ўжо
за шкірку ззаду і пацягнулі ў аўтобус... Маладыя хлопцы».
Выйшла з будынка суду
журналістка Гражына Шалкевіч. Распавядае, як даводзіла судзьдзі,
што выконвала свае службовыя абавязкі і здымала тое, што адбывалася. Потым
на відэа ўсе таксама ўбачылі, што яна толькі рабіла здымкі,
а ня брала ўдзел у пікеце.
Тым ня менш сьведкі-міліцыянты засьведчылі, што Шалкевіч была актыўнай
удзельніцай пікету. Яе аштрафавалі на 5 мільёнаў рублёў.
Шалкевіч: «Я асабіста ня бачу нічога ў гэтым дзіўнага, бо, ідучы
на суд, я ня ведала толькі аднаго — якое будзе пакараньне.
А што яно будзе, у мяне не было сумневу. Усе ўжо прызвычаіліся,
што Тэміда ў Горадні — сьляпая. Яна выносіць тыя рашэньні, якія
спускаюцца зьверху».
Журналіст і кіраўнік Рады не прызнаванага ўладамі Саюзу палякаў Андрэй
Пачобут, які ўвесь дзень знаходзіўся побач з будынкам суду, наступным
чынам пракамэнтаваў сёньняшнія прысуды.
Пачобут: «Натуральна, што мы прагназавалі такія прысуды. Дзякуй Богу, што
дзяўчат і кабет яшчэ ня садзяць у турму, а тое, што будуць
такія вялікія штрафы — мы да гэтага рыхтаваліся. Мэта гэтага
ўсяго — каб чалавек баяўся, бо вядома, якія зараз заробкі
і пэнсіі ў Беларусі».
Рашэньне адносна Эдварда
Дзьмухоўскага судзьдзя перанесла на заўтра. Міліцыянты не маглі
прадставіць у судзе відэадоказу, што Дзьмухоўскі браў удзел у пікеце.
Сам ён кажа, што апынуўся там выпадкова, бо ўбачыў, што ягонага сябра
Ігара Банцара запіхваюць сілком у аўтобус людзі ў цывільным,
і папросту за яго ўступіўся.
Сёньня ж у Ленінскім судзе Горадні за ўдзел
у несанкцыянаваным пікеце на 15 базавых велічынь была асуджана
пэнсіянэрка Ірэна Міклаш. Пятро Табала —
на 23 базавыя велічыні: ён праходзіў побач і заступіўся
за жанчыну, якую людзі ў цывільным цягнулі ў аўтобус. Пятра
Ждановіча, які проста падышоў да пікету і ня мае ніякага
дачыненьня да Саюзу палякаў, асудзілі на 20 базавых велічынь.
Журналістку Юлю Каляду асудзілі на 25 базавых велічынь.
Заўтра суды працягнуцца над віцэ-старшынёй не прызнаванага ўладамі Саюзу
палякаў Рэнатай Дземянчук і Марэкам Занеўскім.
У пятніцу быў асуджаны актывіст СПБ Ігар Банцар на 13 сутак
арышту.
Сябры не прызнаванага ўладамі Саюзу палякаў зьвярталіся ў Гарадзенскі
гарвыканкам з заяўкамі на правядзеньне 4 пікетаў супраць
увядзеньня ў адзінай школе з польскай мовай навучаньня —
збудаванай, дарэчы, на грошы польскага ўраду — расейскамоўных клясаў.
У правядзеньні пікетаў ім адмовілі. А зьяўленьне расейскамоўных
клясаў у польскай школе ўлады тлумачаць тым, што суседнія школы
перапоўненыя. Пікет сябры СПБ правялі ў першы дзень фэсту нацыянальных
культур, які традыцыйна ладзіцца ў Горадні.
16.00 Журналістка Юлія
Каляда пакараная штрафам у 2,5 мільёна рублёў.
Прысуд яшчэ аднаму ўдзельніку падзей Эдварду Дзьмухоўскаму будзе вынесены
заўтра раніцай. Міліцыянты не змаглі прадставіць відэадоказы ягонага ўдзелу ў
пікеце. Заўтрра будуць таксама разгледжаныя справы Марэка Занеўскага і Рэнаты
Дземянчук.
15.30 Ждановіч Віталь асуджаны таксама на 20 базавых велічынь. Ён
праходзіў побач і спыніўся паглядзець, што адбываецца.
15.00 Пятра Табала, які ня ўдзельнічаў у пікеце, а заступіўся за
жанчыну, якую людзі ў цывільным цягнулі ў аўтобус, прысудзілі да штрафу ў 20
базавых велічынь.
14.30 Пэнсіянэрка Ірэна Міклаш засуджаная да штрафу памерам у 23 базавыя
велічыні – 2 мільёна 300 тысяч рублёў.
14.00 Пэнсіянэрка,
інвалід другой групы Генрыка Стржэлькоўска аштрафаваная на 17 базавых
велічынь (1 мільён 700 тысяч беларускіх рублёў).
13:14 Судзьдзя Ксенія Стасюкевіч аштрафавала на 20 базавых
велічынь (2 мільёна беларускіх рублёў) пэнсіянэрку Станіславу Цывунчык.
12.05 З будынка суду выйшлі два міліцыянты і папярэдзілі
журналіста «Белсату», каб ён не здымаў дзяржаўны будынак,
бо ён ня мае на гэта права.
11.50 Судзьдзя Натальля Козел аштрафавала Гражыну Шалкевіч
на 50 базавых велічынь (5 мільёнаў рублеў) за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.
10.15 У працэсе над Эдвардам Дзьмухоўскім перапынак на 20
хвілінаў. Судзьдзя запрасіў відэаматэрыялы да справы.
9.45 У будынак судe не пусьцілі журналістаў. Усяго судзяць 7 чалавек,
удзельнікаў пікету 1 чэрвеня.
Артыкул «Парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых
мерапрыемстваў» Адміністрацыйнага кодэксу прадугледжвае папярэджаньне, штраф
альбо арышт.
1 чэрвеня ў Горадні на несанкцыянаваным пікеце ў абарону
польскае школы № 36, які сябры Саюзу палякаў зладзілі
ля аблвыканкаму, міліцыя затрымала 21 чалавека.
Аднаго зь іх, актывіста СПБ Ігара Банцара, асудзілі
на 13 сутак. Астатнія затрыманыя чакалі судоў 4 чэрвеня, але
разгляд справаў перанесьці на пазьней.
Сябры непрызнаванага ўладамі Саюзу палякаў пратэстуюць супраць таго, што
польскай школе № 36 плянуюць стварыць клясы з расейскай мовай
навучаньня. Актывісты СПБ зьвярталіся ў Гарадзенскі гарвыканкам з заяўкамі,
каб зладзіць чатыры пікета, аднак ім адмовілі.